BE RU EN

Дзясяткі нобэлеўскіх лаўрэатаў апублікавалі заклік да сусветнай супольнасці

  • 27.03.2024, 14:45

Падпісантаў хвалюе не толькі лёс Украіны.

Нобэлеўскія лаўрэаты апублікавалі заклік да сусветнай супольнасці значна ўзмацніць падтрымку Украіны на фоне ўварвання расейскага акупацыйнага войска. У лісце, які атрымаў Spiegel, яны заклікаюць міжнародную супольнасць прыняць больш смелыя меры супраць Расеі.

«Мы заклікаем сусветных лідараў значна павялічыць дапамогу Украіне. Украіна павінна перамагчы, а не проста «не саступіць», - дзясяткі лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі выступілі з настойлівым заклікам.

Падпісантаў хвалюе не толькі лёс Украіны.

“Пуцінскі рэжым паказаў, што ён - відавочная і непасрэдная пагроза для чалавецтва”, - гаворыцца ў лісце, які на сёння падпісалі 39 лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

Падпісанты абвінавачваюць урады многіх краін у тым, што яны недаацэньваюць небяспеку, якая паходзіць ад Пуціна, і замест гэтага праводзяць небяспечную палітыку замірэння, падобную да той, што праводзілася ў пачатку кіравання Адольфа Гітлера. Палітыкі і грамадзяне ўсяго свету павінныя адмовіцца ад усялякіх ілюзій у дачыненні да Пуціна і яго злачыннага рэжыму. Гісторыя вучыць нас, што супакаенне агрэсара заахвочвае далейшыя злачынствы супраць чалавецтва. Ніякая часавая выгада не можа апраўдаць гэта. Мы поўныя рашучасці, каб Мюнхен 1938 года не паўтарыўся!

У сваім адкрытым лісце нобэлеўскія лаўрэаты фармулююць пяць пунктаў:

1. Значнае пашырэнне дапамогі Украіне. Своечасовая дапамога зменшыць колькасць ахвяр і дапаможа выцесніць агрэсара з украінскай зямлі;

2. Падтрымка апазіцыі ў Расеі. Жыццё такіх палітвязняў, як Ілля Яшын, Уладзімір Кара-Мурза і Лілія Чанышава, апынулася ў «непасрэднай небяспецы» пасля забойства Аляксея Навальнага, таму міжнародная супольнасць павінная зрабіць усё магчымае, каб абараніць іх;

3. Узмацненне падтрымкі расейскіх грамадзян, якія ўцяклі з-за сваіх палітычных перакананняў і маюць патрэбу ў прытулку за мяжой;

4. Пашырэнне падтрымкі расейскіх апазіцыйных арганізацый і незалежных расейскіх СМІ, роля якіх у магчымай змене рэжыму вельмі важная;

5. Дэлегітымізацыя незаконнага ўтрымання Пуціным улады ў Расеі. Свет павінен даць зразумець, што больш не разглядае Пуціна як "партнёра".

Апошнія навіны