BE RU EN

Навукоўцы ўпершыню далі імя хвалі спякоты

  • 16.08.2022, 21:21

Навошта гэта патрэбна?

Гішпанскія навукоўцы надалі імя хвалі спякоты, якая ўзняла тэмпературу да +44,4 градуса Цэльсію ў Сэвіллі паміж 24 і 27 ліпеня. Яе назвалі Зоі. Гэта новая спроба папярэдзіць грамадскасць аб экстрэмальных тэмпературах і небяспецы, якая іх суправаджае.

Пра гэта паведамляе Science Alert.

Адзначым, што ўраганы даўно атрымалі чалавечыя імёны, а неафіцыйная практыка даваць зімовым штормам мянушкі з'явілася ў 2012 годзе ў ЗША. Але Зоі - першая хваля спякоты, якой далі імя.

Зоі можа быць першай названай хваляй спёкі, але не апошняй. Улады Гішпаніі плануюць чаргаваць жаночыя і мужчынскія імёны ў зваротным альфабэтным парадку для будучых гарачых хваль.

Дадамо, што хвалі сквару - гэта не проста спякотныя дні. Гішпанскае дзяржаўнае метэаралагічнае агенцтва вызначае іх як эпізоды мінімум трох паслядоўных дзён, на працягу якіх сама меней 10% метэастанцый фіксуюць максімальную тэмпературу вышэйшую за 95-ы адсотак за ліпень-жнівень паміж 1971 і 2000 гадамі.

Хвалі спякоты могуць быць небяспечнымі, асабліва для ўразлівых груп насельніцтва, такіх як паджылыя людзі і людзі, якія выконваюць фізічную працу на вольным паветры.

Нагадаем, сёлетняя суша ў Еўропе можа быць найгоршай за апошнія 500 гадоў.

Апошнія навіны