BE RU EN

Расейская фірма пакінула блізу 200 беларускіх таксістаў без грошай

  • 7.12.2022, 17:56

Кампанія літаральна выпарылася.

Менскія таксісты Яндэкс Go, якія працавалі нелегальна, засталіся без заробленых грошай: фірма-партнёрка сэрвісу не разлічылася з імі і перастала выходзіць на сувязь. Кіроўцы расказалі «Люстэрку» пра ўладкаванне на працу, як іх «кінулі» і што яны маюць намер рабіць.

«Блізу 200 чалавек грошай не атрымалі»

Блізу двух месяцаў таму шматдзетны бацька Зміцер (імёны герояў артыкула змененыя) надумаў падпрацаваць у таксі на арэнднай машыне, ён хацеў браць заказы на пасажырскія перавозкі праз платформу Яндэкс Go. Адзначым, што ў Менску фізічная асоба не можа самастойна падключыцца да платформы, каб браць заказы, чалавек павінен заключыць дамову на супрацоўніцтва з фірмай-партнёркай «Яндэкса». Зміцер знайшоў такую кампанію праз сябра (ён там працаваў блізу года) – ТАА «Фарысан». Фірма брала з кіроўцаў 8 адсоткаў за прадстаўленне заказаў на перавозку. Паводле словаў суразмоўцы, гэта адна з самых нізкіх камісій на рынку за гэтую паслугу, ёсць таксапаркі, якія прызначаюць камісію 15%.

Пра супрацоўніцтва Зміцер і прадстаўнік фірмы дамовіліся ў вайберы, але працоўную дамову не афармлялі. Фактычна атрымліваецца, што мужчына нелегал, гэта ў кіроўчым асяроддзі называецца «працаваць па-чорнаму».

– Так працуюць многія таксісты. Таму што афармляцца афіцыйна – гэта значыць несці вялікія выдаткі ў выплатах падаткаў, у выніку заробак будзе невялікі. І так трэба заплаціць 400 рублёў на месяц за арэнду аўто, заправіцца, аддаць камісію «Яндэксу» 23%, плюс адсоткі фірме, праз якую ты працуеш, – патлумачыў Зміцер.

За першыя два тыдні з кіроўцам разлічыліся своечасова і ў поўным аб'ёме, а вось за апошні тыдзень блізу 400 рублёў ён не атрымаў. Высветлілася, што кампанія, з якой ён супрацоўнічаў, літаральна выпарылася.

– У нашым кіроўчым чаце пачалі шумець калегі, паведамлялі, што з імі таксама не разлічыліся. Блізу 200 чалавек не атрымалі грошы, людзі скідвалі скрыншоты сумаў, у мяне яна не самая вялікая.

У аналагічную сітуацыю патрапіў калега Змітра, мянчук Уладзіслаў. Ён паведаміў, што таксама працаваў «па-чорнаму», аднак ягонае супрацоўніцтва было даўжэйшым.

– Калі ўладкоўваўся, напісаў у вайбер кампаніі, маўляў, хачу ў вас працаваць, дайце доступ да замоваў Яндэкс Go. Мяне папрасілі скінуць правы і тэхпашпарт на аўтамабіль. Кароткая праверка – і я ўжо магу атрымліваць заказы і вазіць пасажыраў, – расказаў Уладзіслаў, як трапіў да перавозніка.

З фірмы кіроўцу паведамілі, што калі ён хоча, то яму выдадуць працоўную дамову, але Уладзіславу яна была не патрэбная. Паводле звестак суразмоўцы, некаторыя ягоныя калегі прасілі гэты дакумент і праз нейкі час атрымлівалі яго праз пошту, але ніхто з іх не бываў у офісе кампаніі і не бачыў іх супрацоўнікаў.

– Спачатку ўсё было нармальна – працаваў і атрымліваў грошы. Адзінае, што было дзіўным: кожныя тры месяцы назва фірмы мянялася. Спачатку гэта было ТАА «Транскваліты», потым ТАА «Дызвойс» і апошняя назва «Фарысан».

У апошні месяц фірма перастала рабіць выплаты працаўнікам. Спачатку іх прасілі не хвалявацца, маўляў, праблемы з банкам, трэба пачакаць. А ў канцы мінулага тыдня супрацоўнікі кампаніі ўвогуле перасталі адказваць на паведамленні.

– Людзі пачалі тэлефанаваць кіраўніцтву фірмы – ні на адзін нумар датэлефанавацца не атрымалася. Вайбер маўчыць. Пачалі ездзіць па офісных адрасах – а яны проста не існуюць. Нас кінулі.

Калегі Уладзіслава заплацілі грошы, каб атрымаць доступ да картатэкі, дзе можна атрымаць інфармацыю пра кампаніі, з якімі яны працавалі. Высветлілася, што іх заснавальнікі – грамадзяне Расеі.

– Пра праблему мы паведамлялі ў «Яндэкс», прасілі не пераводзіць фірме грошы за нашу працу ў апошні тыдзень (сэрвіс разлічваецца з партнёрам за перавозкі раз на тыдзень). На жаль, нашы довады не прынялі і грошы кампаніі перавялі, але выплаты да нас так і не дайшлі. Нам адказалі, каб мы звярталіся ў суд.

Таксісты звярнуліся па дапамогу ў Асацыяцыю перавознікаў і дыспетчараў таксі, ім адказалі, што пастараюцца дапамагчы і будуць трымаць справу на кантролі. У міліцыю таксісты пакуль не звярталіся, але маюць намер напісаць калектыўную заяву.

Паводле звестак Уладзіслава, усяго ў кампаніі пацярпелі блізу 300 таксістаў. Яны недаатрымалі грошы на розныя сумы: ад некалькіх дзясяткаў да 1500 рублёў. Сам суразмоўца недаатрымаў суму крыху меншую за 800 рублёў.

– Не ведаю, ці атрымаем мы свае грошы. Але хочацца папярэдзіць усіх таксістаў, каб былі асцярожнымі. У Менску вельмі шмат фірмаў, аналагічных тым, на якія мы нарваліся.

Журналіст «Люстэрка» спрабаваў датэлефанавацца на пяць нумароў тэлефонаў заснавальнікаў і супрацоўнікаў кампаніі-партнёркі, каб атрымаць каментар, але гэта зрабіць не атрымалася: на некаторых нумарах спрацоўвае галасавая пошта, нейкія ўвогуле не існуюць.

Каментарый прэс-службы Яндэкс Go

У Яндэкс Go на запыт «Люстэрка» адказалі, што кіроўцы сапраўды не могуць атрымаць грошы ад перавозніка ТАА «Фарысан», а кіраўнік кампаніі не выходзіць на сувязь. Пры гэтым сэрвіс плацяжы перавозніку пералічыў своечасова.

– Мы прынялі пастанову дапамагчы пацярпелым кіроўцам. Тым, хто ўладкуецца да іншых партнёраў і прадоўжыць выконваць заказы сэрвісу, будуць прапанаваныя захады падтрымкі. Кіроўцам неабходна звярнуцца ў службу падтрымкі праз свой кіроўчы дадатак – каманда падзеліцца інструкцыямі, – паведамілі ў прэс-службе.

Яндэкс Go спадзяецца, што кіроўцы ўсё ж такі змогуць атрымаць ад перавозніка свае грошы ў поўным аб'ёме. Сэрвіс гатовы падаць усю неабходную інфармацыю на запыт праваахоўных органаў і садзейнічаць расследаванню.

Апошнія навіны