BE RU EN

Талібы ўпершыню пасля захопу ўлады прыбылі ў Еўропу для перамоў.

  • 23.01.2022, 13:29

Дэлегацыя высадзілася ноччу ў Осла.

Упершыню з моманту захопу ўлады ў Афганістане Талібан правядзе афіцыйныя перамовы з заходнімі чыноўнікамі ў Еўропе.

Пра гэта паведамляе DW.

22 студзеня ўначы дэлегацыя з 15 прадстаўнікоў радыкальнага ісламісцкага руху Талібан прыбыла ў сталіцу Нарвегіі Осла на трохдзённыя перамовы з заходнімі чыноўнікамі і прадстаўнікамі афганскай грамадзянскай супольнасці на эміграцыі. Талібы прыбылі на рэйсе, арганізаваным урадам Нарвегіі.

Гэты візіт стане першай сустрэчай талібаў з заходнімі дыпламатамі ў Еўропе пасля захопу ўлады ў Афганістане ў жніўні летась.

Тэмай перамоў будуць правы чалавека і гуманітарная дапамога афганскаму народу. Дэлегаты рэжыму, што дагэтуль непрызнаныя аніводнай краінай, сустрэнуцца з прадстаўнікамі Нарвегіі і Еўрапейскага Звязу, а таксама з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і ЗША.

У той жа час міністарка замежных спраў Нарвегіі Анікен Хюітфельт яшчэ да пачатку перамоў падкрэсліла, што яны «не будуць уяўляць сабой легітымізацыю або прызнанне талібаў».

Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША заявіў, што ў парадку дня перамоў будзе «фармаванне прадстаўнічай палітычнай сістэмы, рэакцыя на неадкладныя гуманітарныя і эканамічныя крызісы, праблемы бяспекі і барацьбы з тэрарызмам, а таксама правы чалавека, асабліва адукацыя для дзяўчат і жанчын».

Спікер Талібана Забіхула Муджахід у сваю чаргу заявіў, што новыя ўлады Афганістана прынялі меры «для задавальнення патрабаванняў заходняга свету» і спадзяюцца ўмацаваць дачыненні з еўрапейскімі краінамі «з дапамогай дыпламатыі».

Баявікі ісламісцкага руху Талібан пачалі шырокамаштабны наступ ва ўсім Афганістане з пачатку траўня 2021 на фоне вываду з краіны вайсковага кантынгенту ЗША і іншых краін Захаду, які знаходзіўся там 20 гадоў. 15 жніўня яны захапілі сталіцу краіны - Кабул. У канцы жніўня 2021 года Талібан абвясціў аб захопе ўлады ў Афганістане і неўзабаве абвясцілі стварэнне «Ісламскага эмірата Афганістан».

Апошнія навіны