BE RU EN

На АЭС у Цвярской вобласці РФ спыніўся энэргаблок

  • 26.09.2021, 16:18

Чацвёрты энэргаблок Калінінскай АЭС быў спынены праз спрацоўванне аўтаматыкі.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе канцэрна «Расэнэргаатам» у Telegram.

«Прычыны спрацоўвання аўтаматыкі высвятляюцца. Парушэнняў межаў і ўмоў бяспечнай эксплуатацыі няма», - гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак прэс-службы, цяпер тры энэргаблокі Калінінскай АЭС прадаўжаюць працаваць, радыяцыйны фон у тым месцы, дзе знаходзіцца атамная станцыя, адпавядае норме і не перавышае натуральных фонавых значэнняў.

Калінінская АЭС размешчаная на поўначы Цвярской вобласці, пляцоўка АЭС знаходзіцца на паўднёвым беразе возера Удомля. Станцыя складаецца з дзвюх чэргаў, кожная з якіх уключае ў сябе два энэргаблокі магутнасцю 1 тысяча МВт. Такім чынам, магутнасць усёй Калінінскай АЭС складае амаль 4 тысячы МВт. Станцыя забяспечвае электраэнэргіяй Цвер, Маскву, Санкт-Пецярбург, Уладзімір і Чарапавец.

Апошнія навіны