BE RU EN

На БелАЭС пачалася «гарачая» абкатка другога энэргаблока

  • 27.07.2021, 21:06

Першы рэактар АЭС з невядомых прычын адключыўся 12 ліпеня.

27 ліпеня на Беларускай АЭС пачалася «гарачая» абкатка другога энэргаблока, паведамляе прэс-служба расейскай карпарацыі «Расатам», якая будуе электрастанцыю.

Падчас гэтага працэсу спецыялісты правяраюць працаздольнасць асноўнага абсталявання энэргаблока на адпаведнасць патрабаванням праектнай дакументацыі. Усё асноўнае і дапаможнае абсталяванне і сістэмы рэактара праходзяць выпрабаванні пры працоўных параметрах: тэмпература цепланосьбіта першага контуру рэактарнай устаноўкі - да 280 градусаў Цэльсія, а ціск - да 160 атмасфер.

Падчас «гарачай» абкаткі не правяраецца толькі загрузка ядзернага паліва, падача пара на турбіну і выдача электраэнэргіі ў сетку.

Таксама спецыялісты выпрабуюць сістэмы бяспекі, правераць сістэмы электрасілкавання ўласных патрэб, сістэмы кіравання і абароны рэактара.

Нагадаем, што першы рэактар Беларускай АЭС з невядомых прычын адключыўся 12 ліпеня. Спецыялісты займаюцца яго праверкай. Уключаць яго ў сетку плануецца ў сярэдзіне жніўня.

Апошнія навіны