Беларускія сілавікі адправілі мігрантаў у атаку на мяжу, асляпіўшы польскіх вайскоўцаў страбаскопам і лазерамі
- 3.12.2021, 9:00
Спроба прарыву была адбітая.
Учора ўвечары польскія афіцэры і жаўнеры, якія адбілі спробу нелегалаў перасекчы мяжу паміж Апакам і Вулькай Церахоўскай, былі аслепленыя беларускімі сілавікамі страбаскопам і лазерамі.
Пра гэта паведамляе паліцыя Падляшша.
Нагадаем, што 8 лістапада рэжым Лукашэнкі зладзіў маштабную правакацыю на польскай мяжы. Тысячы мігрантаў пад кантролем беларускіх спецслужбаў штурмавалі мяжу Польшчы. Польскі бок паведамляе, што ў наступных штурмах мяжы могуць узяць удзел да 10 тысяч нелегалаў.
15 лістапада беларускія вайскоўцы сагналі нелегалаў пад канвоем з іх лагера на мяжы з Польшчай да КПП "Брузгі-Кузніца".
16 лістапада мігранты пайшлі на штурм польскай мяжы.
Пасля гэтага мігрантаў размясцілі ў лагістычным цэнтры "Брузгі" на мяжы. Польская разведка паведаміла, што беларускія сілавікі ператварылі цэнтр "Брузгі" ў базу для нападаў мігрантаў на Польшчу.
26 лістапада Лукашэнка пабываў у лагеры мігрантаў, каб узняць іх на новы штурм польскай мяжы.
1 снежня беларускія спецслужбы абстралялі польскі прымежны горад Тэрэспаль. Абстрэлам былі знішчаны асвятляльныя мачты на мяжы з Беларуссю.