BE RU EN

Польшча зробіць даступнай трэцюю дозу вакцыны для ўсіх дарослых

  • 21.10.2021, 18:35

Дадатковыя дозы вакцыны змогуць атрымаць усе людзі старэйшыя за 18 гадоў.

Польшча ў найбліжэйшыя тыдні рыхтуецца прывіваць усіх дарослых бустарнай дозай вакцыны ад каранавіруса.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, паведамляе PAP.

«Мы правялі чарговую сустрэчу з экспэртамі Медыцынскай рады. Я падзякаваў сваім дарадцам за іх рэкамендацыі ў пашырэнні групы, абхопленай бустарнымі вакцынамі», - заявіў Маравецкі.

«Разам з кіраўніком Міністэрства аховы здароўя Адамам Нядзельскім мы вырашылі, што прышчэпкі могуць пачацца на працягу некалькіх тыдняў», - дадаў ён.

З ягоных слоў, дадатковыя дозы вакцыны змогуць атрымаць усе людзі старэйшыя за 18 гадоў, у якіх ад апошняй дозы прайшло не менш за 6 месяцаў.

«Прышчэпка - гэта самая эфектыўная зброя ў барацьбе з цяжкім працяканнем хваробы і смерцю. Таму ўрад рыхтуе працэс, які дазволіць вакцынаваць трэцяй дозай усіх паўналетніх асоб у Польшчы», - заявілі ва ўрадзе.

У чацвер Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла пра амаль 5600 новых выпадкаў каранавіруса.

Нагадаем, міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў у сераду, што краіна ў апошнія дні мае справу з «выбухам пандэміі».

Апошнія навіны