BE RU EN

Суд Масквы арыштаваў Аляксея Кудзіна на два месяцы

  • 22.01.2021, 21:05

Пытанне аб яго экстрадыцыі будзе вырашана да 1 сакавіка.

Дамадзедаўскі суд на два месяцы арыштаваў беларускага байца-цяжкавагавіка Аляксея Кудзіна. Ён быў затрыманы ўчора ў Маскве на запыт беларускага рэжыму, паведамляе «Трибуна».

Чакаецца, што да 1 сакавіка будзе развязанае пытанне аб экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь.

Нагадаем, 19 лістапада ў маладзечанскім судзе павінна прайсці першае пасяджэнне ў справе байца Аляксея Кудзіна. Аднак ён на пасяджэнне не з'явіўся, пасля чаго быў абвешчаны ў вышук. Спартовец з'ехаў з краіны. Пра яго планы пакінуць Беларусь не ведала нават жонка.

Кудзіна затрымалі на акцыі пратэсту недалёка ад маладзечанскага гарадскога парку 10 жніўня. Адпусцілі 21 жніўня, распачаўшы ў яго дачыненні крымінальную справу і абраўшы меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Аляксея Кудзіна абвінавачваюць паводле артыкула 363 Крымінальнага кодэксу - «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Максімальная санкцыя тут - да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Кудзін з'яўляецца заслужаным майстрам спорту Беларусі, чэмпіёнам свету ў тайскім боксе сярод аматараў, чэмпіён свету ў кікбоксінгу сярод прафесіяналаў.

Апошнія навіны