BE RU EN

Гітанас Наўседа: Літва можа адмовіцца ад паглыблення стасункаў з Беларуссю

  • 9.07.2020, 14:08

Калі Менск пяройдзе «чырвоныя лініі», то ў Вільні няма маральнага права на супрацоўніцтва з такімі ўладамі.

На гадавой прэс-канферэнцыі ў чацвер прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падкрэсліў, што пасля таго, як ён стаў прэзідэнтам, пастанова Літвы аднавіць дыялог з Беларуссю адпавядае і зменам палітыкі ЗША, а таксама Еўразвязу ў дачыненні да гэтай краіны, піша Delfi.

Аднак Літва, паводле ягоных словаў, выкарыстоўвае ў дачыненні да Беларусі "селекцыйную палітыку", праводзячы "чырвоныя лініі" ў пытаннях абароны правоў чалавека і бяспекі Беларускай АЭС у Астраўцы (БелАЭС).

"Мы спрабуем дапамагчы Беларусі ў стварэнні большай незалежнасці, суверэнітэту, калі яны на самай справе шчыра да гэтага імкнуцца. Я мяркую, што такая палітыка мае сэнс, але для гэтага трэба адно – гэтыя чырвоныя лініі не павінны парушацца", – сказаў Наўседа.

"Калі высветліцца, што беларускія ўлады спрабуюць захаваць свой мандат любымі сродкамі, у тым ліку і не зважаючы на правы чалавека, адкрыта пераследуючы палітычных апанентаў з розных нагодаў, давядзецца канстатаваць такое становішча, якое ёсць, і заявіць, што для нас гэта непрымальна і ў нас няма ні маральнага, ні іншага права паглыбляць стасункі з такой дзяржавай", – заявіў прэзідэнт.

Апошнія навіны