BE RU EN

На апараце ШВЛ памёр дырэктар Летняга амфітэатра ў Віцебску Анатоль Васенда

  • 24.05.2020, 14:05

Вядомы артыст быў шпіталізаваны ў Віцебскую абласную клінічную лякарню.

Сёння стала вядома, што памёр Анатоль Васенда, галоўны захавальнік і распараднік Летняга амфітэатра, паведамляе vkurier.info.

Паводле інфармацыі выдання, Анатоль Васенда памёр у Віцебскай абласной клінічнай лякарні. У Анатоля Іванавіча падняўся ціск, яго паклалі ў кардыялогію, потым перавялі ў абласную лякарню, дзе ён знаходзіўся на апараце ШВЛ.

«Яго не стала сёння раніцай. Не магу ўсвядоміць гэтага. Мозг адмаўляецца ўспрымаць гэты факт. Чалавек з вялікім сэрцам, неверагоднай энэргіяй, заўсёды пазітыўны з цудоўным пачуццём гумару, прафесіянал, якіх мала. Я шмат чаму ў яго навучыўся, працаваць разам заўсёды было вялікім задавальненнем. У маёй памяці ён назаўжды застанецца менавіта такім», – пішуць сябры на старонцы Анатоля Васенды ў Фэйсбуку.

«З глыбокім смуткам даведаўся, што сёння адышоў у іншы свет дырэктар віцебскага летняга амфітэатра Васенда Анатоль Іванавіч... Вечная светлая добрая памяць выдатнаму сябру, музыканту, ЧАЛАВЕКУ... Нашы спачуванні родным... Тужым...» – напісаў артыст Анатоль Ярмоленка.

Анатоль Іванавіч стаяў ля вытокаў нараджэння фестывалю і адкрываў яго ў якасці музыкі. У складзе ансамбля «Сябры» Анатоль Васенда (бас-гітара, вакал) выступаў на фестывалі ў Віцебску ў 1992 годзе. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця «Сябры» выйшлі на сцэну Летняга амфітэатра і праспявалі прэм'еру – «Гуляць, дык гуляць!». З 1993 года Анатоль Іванавіч Васенда працаваў у складзе каманды дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

З 1995 года Анатоль Васенда з'яўляецца дырэктарам комплексу Летняга амфітэатра.

Менавіта Анатоль Іванавіч удзельнічаў у грандыёзнай рэканструкцыі амфітэатра ў 2007 годзе. Тады разам з карункавым дахам у амфітэатры зрабілі новыя грымёркі.

Апошнія навіны