BE RU EN

Заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч распавяла, як яе лечаць ад каранавіруса

  • 8.04.2020, 12:58

Вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы» знаходзіцца ў 6-й клініцы Менска.

Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая спявачка і кампазітарка Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус. Цяпер яна знаходзіцца ў 6-й клініцы Менска.

Аналіз на каранавірус узялі таксама ў ейнага мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара ансамбля «Верасы». Надзея Мікуліч распавяла Свабодзе праз тэлефон пра тое, што з ёй адбылося, паведамляе «Радыё Свабода».

«Муж, я думаю, таксама трапіць у шпіталь»

Надзея Мікуліч хварэе з 23 сакавіка.

- Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпература не зніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэнне на левабаковую пнеўманію. На наступны дзень зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнеўманію, у суботу мяне паклалі ў 2-ю клініку Менска. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне патэлефанавалі з санэпідстанцыі і сказалі, што, як мяркуецца, у мяне каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ю клініку. Цяпер у мяне пнеўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся.

Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.

- Тут проста няма руху. Толькі ў палаце і да прыбіральні дайсці, нікуды нельга хадзіць. Калі я на дварэ ішла, то задыхалася, не ставала паветра. Цяжка было дыхаць апошнія дні. І да гэтага часу цяжка. Кожны дзень правяраюць насычанасць крыві кіслародам. У мяне трохі паніжаная - трэба 100%, а ў мяне 92%.

Спявачка сказала, што ў аўторак аналіз на каранавірус узялі ў ейнага мужа.

- Сёння прыязджалі да мужа, прадэзінфікавалі ўсю кватэру. Праз тры дні будзе вынік. Муж таксама пачынае сябе дрэнна адчуваць. У яго вусны сохнуць. Але ўсё адно збіраецца на лецішча з'ездзіць на некалькі дзён, а потым, я думаю, што ён таксама патрапіць у шпіталь. Мы ж разам былі, у адной кватэры жывем.

«Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Уздзенскім раёне»

Надзея дакладна не ведае, дзе магла заразіцца.

- Муж хадзіў на працу, ездзіў у метро, у грамадскім транспарце. Можа, ён быў носьбітам. А можа, у гасцях атрымала, бо я не адзін раз была ў гасцях. Усе там здаровыя былі, але адна жанчына з той кампаніі, дзе мы былі, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў гэтай жа 6-м шпіталі, як і яе муж. Ці яна мужа заразіла, або муж яе. Яна захварэла 21 сакавіка, а я 23 сакавіка. А ў гасцях мы былі 18 сакавіка. Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Уздзенскім раёне. Тады адчувала сябе добра. А потым паднялася тэмпература, была слабасць, спаць хацелася ўвесь час. Млявасць і абыякавасць. Усе сімптомы дрэнныя.

Надзя Мікуліч кажа, што яна баялася каранавіруса, адчувала небяспеку.

- Я нікуды не хадзіла, толькі выгульвала сабачку. На пошту муж хадзіў пасылку забраць. У краму не хадзіла. Праз Інтэрнэт купляла прадукты. Я старалася моцна не кантактаваць з людзьмі. Калі на дварэ сустракаліся сабакары, была на адлегласці, папярэджвала, што ў мяне тэмпература і я не ведаю, што ў мяне.

Спявачка кажа, што разам з ёй ляжаць усе людзі з каранавіруснай інфекцыяй.

- Тут, напэўна, бальніца прызначаная. Маю суседку з палаты з 2-й лякарні таксама сюды перавезлі, таму што мы разам ляжалі. Потым і ў яе каранавірус знайшлі. Я і яе заразіла. Такая вось гісторыя. У маёй палаце ляжыць жанчына, якую прывезлі з 3-га шпіталя, і бабулька, якую ўчора з санаторыя «Пралеска» прывезлі ўначы.

Усе мы ізаляваныя. Усе палаты зачыненыя, ніхто ні з кім не кантактуе. Выйсці можна ў туалет ці душ. Тут агульныя душ і туалет, у палатах няма. Медсясцёр не дачакаешся, лекараў не дачакаешся. Нікога няма на паверсе наогул. Там, дзе павінна сядзець медсястра, ляжыць запіска з яе тэлефонам, каб, калі трэба, патэлефанавалі. Была праблему, калі бабцы стала дрэнна з сэрцам, мы патэлефанавалі медсястры і яна прыйшла праз 40 хвілін. Тут памрэш і не дачакаешся лекара і медсястры. Яны зробяць сваю справу і ўцякаюць... Спачатку не хацела пра гэта распавядаць, а потым усё ж надумала распавесці...

Апошнія навіны