BE RU EN

Блогер апавёў, чаму расейцы так любяць СССР

  • 16.02.2020, 17:36

Максім Міровіч назбіраў цікавую статыстыку.

Сёння будзе пост на адну цікавую тэму – пра тое, чаму расейцы так любяць СССР. Я чытаю большасць каментароў да сваіх пастоў пра СССР і за гэты час назбіраў даволі цікавую статыстыку, піша вядомы беларускі блогер Максім Міровіч для maxim-nm.livejournal.com.

У большасці сваёй каментатары, якія абараняюць СССР, – жывуць у Расеі (відаць з IP), у той час як многія крытыкі СССР і неахвотныя вяртацца "ў вялікую і дружную сям'ю народаў" паходзяць з Украіны і Беларусі.

Я прааналізаваў змест каментароў прыхільнікаў СССР і сабраў асноўныя аргументы таго, чаму людзям так падабаецца Саюз і не падабаецца сучасная Расея – як апынулася, многае шчыльна звязана з тым, што ў сучаснай Расеі гэтым людзям жыць сапраўды горш, чым пры Саюзе.

1. Дрэнная якасць сучасных прадуктаў.

Я надта не жыў у Расеі (Масква, Піцер і Смаленск, у якіх я бываў, у гэтым сэнсе не рэпрэзентатыўныя), але з каментароў зразумеў, што ў сучаснай Расеі вельмі слабая якасць мясцовых прадуктаў – многія чытачы пішуць пра дрэннае "парашковае" малако, сыры, які больш падобныя на парафін, вадкую смятану і г. д. Таму многія расейцы і ўспамінаюць з цеплынёй савецкія гады, мяркуючы што тады "ежа была лепшая".

2. Храновы стан з працай у монагарадах.

У часы СССР з'явілася шмат так званых "монагарадоў" – гэта значыць, што ў горадзе было адно горадаўтваральнае прадпрыемства альбо комплекс прадпрыемстваў падобнага профілю. Як правіла, гэта былі прадпрыемствы здабыўной альбо перапрацоўчай галінаў, а таксама энэргетычныя гіганты накшталт ЧАЭС або Ігналіны.

Пасля распаду СССР многія з гэтых прадпрыемстваў сталі незапатрабаваныя (асабліва якія працавалі на "абаронку"), а закрыццё іншых прадпрыемстваў проста супала ў часе з канцом СССР – пачаткам дзевяностых – змяніліся вытворчыя цыклы, шахты апусцелі і г.д.

Зразумела, з працай у такіх гарадах стала дрэнна – старыя прадпрыемствы зачыніліся, а новых не з'явілася. І калі ў якой-небудзь Літве ці Украіне монагарады накшталт Славуціча або Вісагінаса яшчэ сяк-так могуць існаваць таму, што працу можна знайсці паблізу, то ў Расеі з гэтым усё зусім сумна – монагарады часта знаходзяцца ў бязлюднай мясцовасці з суровым кліматам, дзе няма ніякай працы ў радыусе 1000 кіламетраў. Як няма і тлумачэння самім сабе таго, для чаго, маўляў, мы павінны жыць у гэтым суровым клімаце, нікуды адсюль не выязджаючы – у СССР такім тлумачэннем былі вельмі істотныя "паўночныя" надбаўкі да заробку.

3. Дрэнныя дарогі.

Не ведаю, як ідуць справы цяпер, але яшчэ некалькі гадоў таму сітуацыя з дарогамі ў Расеі была вельмі сумнай, асабліва гэта тычылася азіяцкай частцы краіны. Напэўна, на будаўніцтва і рамонт дарог усё ж вылучаюцца нейкія бюджэты, але з словаў саміх жа расейцаў – усё раскрадаецца на розных этапах, а пакінутых "слёзаў" хапае хіба што на ямачны рамонт бітай цэглай.

4. Страта статусу "ганаровых прафесій".

У СССР не існавала прыватных прадпрымальнікаў і не было "афіцыйна багатых" людзей, пры гэтым існавала свая статутная іерархія (якая ў тым ці іншым выглядзе ўзнікае ў любым чалавечым грамадстве). "Статутнымі і прэстыжнымі" ў СССР уважаліся працы на розных "закрытых" прадпрыемствах, а таксама працы накшталт шахцёраў і г.д., гэтыя людзі ў СССР адносна нямала зараблялі і ўважаліся "людзьмі паважаных прафесій".

Пасла распаду савецкай сістэмы высветлілася, што ніякага "статусу" і "арэолу ганаровай занятасці" ў вышэйазначаных прафесій больш не засталося, а новыя гаспадары прадпрыемстваў ставяцца да тых жа шахцёраў як да простых наёмных працаўнікоў, а не як да "класу-гегемона". Зразумела, гэтыя людзі будуць сумаваць па СССР – як правіла, яны таксама жывуць у расейскіх монагарадах, але ёсць і ва Украіне – падобны карга-культ ёсць у т.зв. "ДНР", дзе многія зноў хочуць "жыць як у СССР", ці дакладней – як у савецкім фільме 1950-х гадоў пра шахцёраў і сталявараў.

5. Нялюбасць да багатых.

Практычна ўсе гады існавання ў СССР культывавалася нянавісць да багатых і заможных людзей – маўляў, гэта кулакі, якія нажылі свае капіталы, "абіраючы бедны народ". Мяркуючы з усяго, расейская правінцыя ахвотна паверыла ў гэтыя казкі.

Цяпер, у адрозненне ад савецкага часу, да багатых ставяцца добра, і мяркуючы з усяго, многім прыхільнікам СССР з Расеі гэта не падабаецца – "раней былі ўсе роўныя, а цяпер у каго грошы, той і мае рацыю".

Увогуле, вось такія факты таго, чаму расейцы так любяць СССР, у мяне атрымалася сабраць.

Напішыце ў каментарах, што вы пра гэта думаеце.

Апошнія навіны