BE RU EN

БАЖ заклікаў ААН прыкласці ўсе намаганні для вызвалення беларускіх журналістак

  • 3.12.2020, 14:12

Еўрапейская дэлегацыя правяла онлайн-сустрэчу з грамадзянскімі супольнасцямі Беларусі.

Напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека Еўрапейская дэлегацыя пры ААН у Нью-Ёрку разам з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці Беларусі правяла онлайн-сустрэчу, каб прадэманстраваць ролю суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, паведамляе «БАЖ».

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі сістэмы ААН, дзяржаў-чальцоў і грамадзянскай супольнасці, сярод іншых пасол Олаф Скуга, кіраўнік Прадстаўніцтва ЕЗ пры ААН у Нью-Ёрку. Выступілі Эйман Гілмар, спецыяльны прадстаўнік ЕЗ у правах чалавека, Ілзэ Брандс Кехрыс, памочнік Генеральнага сакратара ААН у правах чалавека.

Беларусь прадстаўлялі Вольга Сяховіч – сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыстка, Валянцін Стэфановіч – намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна", Алена Агарэлышава – прадстаўніца феміністычнай групы Каардынацыйнай рады, Алег Гулак – старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Абмяркоўваліся рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі пасля выбараў 9 жніўня, становішча палітычных зняволеных, сярод іншых супрацоўнікаў СМІ, жанчынаў і праваабаронцаў. Рэабілітацыя і кампенсацыі незаконна затрыманым; дзеянні для расследаванняў, правасуддзя і адказнасці.

Прадстаўніца ГА «БАЖ» Вольга Сяховіч у сваім выступе адзначыла, што ўпершыню ў Беларусі склалася сітуацыя, калі адразу тры журналісткі з'яўляюцца палітвязнямі. Гэта – Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова.

«Беларусь – краіна, дзе ўмовы папярэдняга зняволення з'яўляюцца бесчалавечнымі і дыскрымінацыйнымі ў дачыненні да жанчынаў, зневажаюць годнасць», – падкрэсліла Вольга Сяховіч.

Журналісты пераследуюцца выключна за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і павінны быць вызваленыя, а крымінальныя справы супраць іх спыненыя.

«Я хацела б заклікаць дзяржавы-чальцоў ААН, спецыяльныя працэдуры ААН у правах чалавека, гуманітарныя і жаночыя праваабарончыя арганізацыі прыкласці ўсе намаганні, каб тры беларускія журналісткі, якія з'яўляюцца палітычнымі вязнямі, не засталіся ў турме», – звярнулася Вольга Сяховіч у сваім выступе да аўдыторыі.

Апошнія навіны