BE RU EN

У Аргентыне абвясцілі трохдзённую жалобу праз смерць Марадоны

  • 25.11.2020, 20:23

Найлепшы футбаліст 20 стагоддзя памёр ва ўзросце 60 гадоў.

Прэзідэнт Аргентыны Альберта Фернандэс абвясціў у краіне трохдзённую жалобу ў сувязі са смерцю футбаліста Дыега Марадоны. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на El Territorio.

На смерць футбаліста ён таксама адрэагаваў у сваім Twitter. «Вы ўзнялі нас на вяршыню свету. Вы зрабілі нас бязмежна шчаслівымі. Вы былі найвялікшым з усіх. Дзякуй, Дыега. Мы будзем сумаваць па табе ўсё наша жыццё», - напісаў ён.

Дыегу Марадоне было 60 гадоў. У лістападзе легендарны футбаліст перанёс аперацыю на мозгу ў сувязі з кровазліццём, але два тыдні таму яго выпісалі з бальніцы. Сёння ў яго здарыўся сардэчны прыступ. На момант смерці ён знаходзіўся ў сваім доме ў прыгарадзе Буэнас-Айрэса.

Марадона ў складзе зборнай Аргентыны стаў чэмпіёнам свету 1986 года, здабыўшы тытул найлепшага гульца чэмпіянату. За нацыянальную зборную ён гуляў з 1977 да 1994 года. Усяго за кар'еру ён адыграў у 687 матчах, у якіх забіў 363 галы. З 2008 да 2010 года ён трэніраваў зборную Аргентыны. Экспэртамі ён неаднаразова прызнаваўся адным з найлепшых гульцоў у футбол у гісторыі.

Апошнія навіны