BE RU EN

Міністр фінансаў ЗША параіў Грэце Тунберг спачатку вывучыць эканоміку

  • 23.01.2020, 19:49

Стывен Мнучын раскрытыкаваў актывістку за заклік адмовіцца ад выкапнёвага паліва.

Міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын рэзка раскрытыкаваў выступленне 17-гадовай шведскай эка-актывісткі Грэты Тунберг на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, паведамляе gordonua.com са спасылкай на CNBC.

У Мнучына спыталі, ці трэба цалкам адмовіцца ад выкапнёвага паліва, як заклікала Тунберг падчас выступу ў Давосе 21 студзеня. Амерыканскі міністр заявіў, што перш, чым «чытаць лекцыі ЗША», актывістцы варта «вывучыць эканоміку ў каледжы». Пазней ён удакладніў, што жартаваў.

21 студзеня на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе разам з 20 маладымі кліматычнымі актывістамі заклікала сусветных лідараў, якія прысутнічаюць на форуме, спыніць «вар'яцтва» пастаянных інвестыцый у разведку і здабычу выкапнёвага паліва, а таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці поўнай адмовы ад яго.

17-гадовая школьніца з Швецыі Грэта Тунберг праславілася як заснавальнік «Школьнай забастоўкі за клімат». У рамках бестэрміновай акцыі Тунберг заклікае студэнтаў і школьнікаў выходзіць на мітынгі па пятніцах замест вучобы.

23 верасня 2019 года яна выступіла з выкрывальнай прамовай на кліматычным саміце ААН у Нью-Ёрку. Тунберг заявіла, што чалавецтва знаходзіцца на парозе масавага вымірання, але ўсё, пра што кажуць сусветныя лідары, - гэта грошы.

Некалькі гадоў таму лекары дыягнаставалі ў Тунберг сіндром Аспергера - разлад аўтыстычнага спектру, а таксама селектыўны мутызм. Шведка казала, што псіхічнае захворванне дапамагае ёй канцэнтравацца на барацьбе са зменамі клімату.

11 снежня 2019 года часопіс Time назваў Тунберг чалавекам года.

Апошнія навіны