BE RU EN

Нідэрланды ўзнялі пытанне аб абмене Цемаха сярод паслоў ЕЗ

  • 12.09.2019, 12:12

Ці будуць далейшыя перамовы ў гэтым пытанні?

Нідэрланды на сустрэчы амбасадараў краін Еўразвязу ў Брусэлі абмеркавалі пытанні абмену Украінай былога баевіка групоўкі «ДНР» Уладзіміра Цемахa.

Як паведамляе «Европейская правда», пра гэта напісаў у Twitter брусэльскі карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк.

«Учора галандцы ўзнялі пытанне аб Цемаху сярод паслоў ЕЗ, выказаўшы вялікую занепакоенасць, і крытычна адгукнуліся аб тым, што гэтае пытанне не было згаданае ў заяве ЕЗ. Але наўрад ці цяпер будуць далейшыя перамовы ў гэтым пытанні», - напісаў Ёзвяк.

Нагадаем, 5 верасня суддзі Апеляцыйнага суда горада Кіева адпусцілі Цемаха пад асабістае абавязацельства. Пракуратура патрабавала пакінуць падазраванага пад вартай, бо ён можа ўцячы.

Цемах кіраваў так званай «супрацьпаветранай абаронай» у раёне, дзе збілі самалёт «малайзійскіх авіяліній».

7 верасня Цемах паляцеў у РФ у рамках абмену палоннымі з Украінай у фармаце 35 на 35.

Кіраўнік МЗС Нідэрландаў Стэфан Блок у лісце парламенту заявіў, што Нідэрланды змаглі дапытаць Цемаха паводле справы МН17 і прасілі Украіну не выдаваць яго Расеі. Пракуратура Нідэрландаў папрасіла РФ выдаць Цемаха.

Апошнія навіны