BE RU EN

NEXTA адказаў на спробы МУС зняпраўдзіць збіццё гарадзенца

  • 26.08.2019, 14:45

Скарга на дзеянні АМАПа ад Дзяніса Лук'янава паступіла яшчэ 20 жніўня.

Сёння прэс-служба МУС заявіла, што АМАП не мае дачынення да збіцця 36-гадовага Дзяніса Лук'янава. Прынамсі, структура заявіла, што «ніякіх заяў і скаргаў ні з боку мужчыны, ні ягоных сваякоў у органы ўнутраных спраў не паступала».

Блогер NEXTA ў сваім Telegram-канале зняпраўджвае заяву прэс-службы МУС, публікуючы дакументы, якія пацвярджаюць факт скаргі на дзеянне АМАП.

«Паколькі прэс-служба МУС Беларусі заявіла, што ад збітага АМАПам пад Гародняй Дзяніса Лук'янава «скаргаў на дзеянні міліцыі не паступала», а «траўмы ён атрымаў сам», нам не застаецца нічога, акрамя як апублікаваць тую самую скаргу, якая «не паступала» ў праваахоўныя органы яшчэ 20 жніўня - калі пацярпелы знаходзіўся ўжо ў лякарні. Акурат паміж 5-й і 6-й аперацыямі. Цяпер, нагадаем, стан Дзяніса рэзка пагоршыўся.

Больш за тое, прэс-служба МУС публікуе відэа з камеры назірання ў выцвярэзніку і піша пра нібыта знойдзеныя ў Лук'янава два праміле алкаголю. Вось толькі на самім відэа затрыманняў ніякіх прыкмет гэтак моцнага алкагольнага ап'янення не выяўляе. Ходзіць зусім роўна, не хістаючыся. Узнікае цалкам лагічнае пытанне: навошта было везці яго ў выцвярэзнік? Дзе запісы з відэарэгістратара службовага аўтамабіля? Каму і навошта трэба было «выдумляць» гэтую гісторыю?..», - напісаў блогер NEXTA.

Нагадаем, 20 ліпеня каля вёскі Караліна пад Гародняй адбыўся аўтамабільны фэст «SunDay». 36-гадовы Дзяніс Лук'янаў адпачываў там з сябрамі, яны выпілі разам. Калі пачалі разыходзіцца, Дзяніс развітаўся з кампаніяй і збіраўся ўжо сысці дадому - там яго чакала жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Тэрыторыю фестывалю патрулявалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, у тым ліку байцы АМАП. Як распавядаюць сваякі Дзяніса, менавіта яны і заўважылі яго нападпітку, узялі пад рукі і павялі ў лес. «У лесе сілавікі пачалі адразу ж біць яго. Як ён распавядаў мне потым, на ім адпрацоўвалі прыёмы. Білі гумовымі дубінкамі па ягадзіцах, сцёгнах і нагах. Потым узялі пад рукі, прывялі ў машыну ўчастковага, адвезлі ў РАУС для складання пратаколу», - распавядала ягоная стрыечная сястра Дар'я.

Праз некалькі дзён жыхар Гародні быў шпіталізаваны, трапіў у рэанімацыю з дыягназам некроз (амярцвенне) цягліц і заражэннем крыві. Дзяніс перанёс ужо 6 аперацый, яму ампутавалі частку ягадзіцы.

Апошнія навіны