BE RU EN

У Расеі абвясцілі ўзнагароду за інфармацыю пра паліцэйскага, які ўдарыў дзяўчыну

  • 12.08.2019, 11:05

Праваабаронцы вядуць вышук злачынцы.

Кіраўнік праваабарончай групы "Агора" Павел Чыкаў абвясціў пра ўзнагароду на 100 тысяч расейскіх рублёў за звесткі пра асобу паліцэйскага, які ўдарыў дзяўчыну ў жывот на суботняй акцыі апазіцыі ў Маскве, паведамляе "Радыё Свабода".

Відэа, на якім паліцэйскі (меркавана - супрацоўнік другога аператыўнага палка пры галоўнай управе МУС Расеі горада Масква) наносіць удар Дар'і Сасноўскай, было выкладзена ў інтэрнэт адным з відавочцаў.

Пазней на пацярпелую склалі пратакол аб парушэнні правілаў закона аб мітынгах і адпусцілі з аддзела паліцыі да суда. Сасноўскай пагражае штраф да 20 тысяч расейскіх рублёў.

Павел Чыкаў, абвясціўшы ўзнагароду, адзначыў, што вядзе "вышук злачынцы". Ён паабяцаў забяспечыць поўную прававую падтрымку пацярпелай.

Сама Дар'я Сасноўская ў нядзелю звярнулася па дапамогу да лекараў і мае намер напісаць заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем прыцягнуць супрацоўнікаў паліцыі да крымінальнай адказнасці паводле артыкула аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Апошнія навіны