BE RU EN

Мэр мексіканскага горада прыкінуўся бяздомным, каб праверыць працу сацыяльных службаў

  • 10.07.2019, 12:18

Пасля эксперыменту Карлас Тэна склікаў нараду.

Мэр мексіканскага горада Куаутэмок Карлас Тэна атрымліваў неаднаразовыя скаргі на працу сацыяльных службаў горада. Каб скласці ўласнае меркаванне, ён пераапрануўся бяздомным, сеў у інвалідны вазок і скіраваўся да іх на прыём, апавядае мясцовы тэлеканал Milenio (пераклад – tut.by).

Спярша Тэна ў цёмных акулярах, павязцы на левым воку і бруднай вопратцы прыехаў у Дэпартамент сацыяльнага развіцця горада. Ён хацеў атрымаць дапамогу на харчаванне, але ніхто з супрацоўнікаў не дапамог яму ў афармленні папераў. Толькі адзін сацработнік прапанаваў мужчыну перакусіць.

У гарадской адміністрацыі Тэна паспрабаваў сустрэцца з мэрам (гэта значыць з ім самім). Але супрацоўнікі доўга не маглі знайсці ключ ад спецыяльнага ліфта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падчас працоўнага дня ён быў зачынены.

Пасля гэтага Тэна скончыў эксперымент і склікаў нараду, падчас якой мясцовым чыноўнікам не пашчасціла. Хутчэй за ўсё, сацыяльныя службы сапраўды будуць працаваць больш эфектыўна. А раптам мэр захоча паўтарыць эксперымент?

Апошнія навіны