BE RU EN

Як жыве лякарня, чый галоўны лекар распавёў аб праблемах раённай медыцыны

  • 16.05.2019, 15:12

Тое, наколькі ўсё дрэнна з медыцынскім абсталяваннем у Светлагорску, шакуе.

У медустановах Светлагорска 5 апаратаў УГД, ва ўсіх стоадсоткавы знос. А ў раённай станцыі хуткай дапамогі некаторыя аўтамабілі выпрацавалі свой рэсурс на 200 і больш адсоткаў, распавёў на днях галоўны лекар Светлагорскай ЦРБ Ігар Таўтын - і папрасіў фінансавай дапамогі ў неабыякавых на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы лякарні, піша tut.by.

Светлагорск - досыць буйны раённы цэнтр. Сёння тут пражывае блізу 67,5 тысячы чалавек. Паведамленне аб тым, што ў горадзе ўсё настолькі дрэнна з медыцынскім абсталяваннем, шакавала краіну. Ці толькі там гэткая сумная сітуацыя? Журналісты сустрэліся з доктарам, які адважыўся на шчырую размову, і даведаліся, як жывецца раённай лякарні ва ўмовах сталага дэфіцыту.

У сераду галоўны лекар вядзе журналістаў на экскурсію па ЦРБ пад пільным кантролем прадстаўнікоў райвыканкама-відавочна, пасля ягонага адкрытага аповеду аб праблемах мясцовай аховы здароўя рэгіянальная вертыкаль узбударажаная.

Дэманструюць ім, безумоўна, найлепшае - вось, да прыкладу, нядаўна адрамантаваны пяціпавярховы хірургічны корпус. А вось - Сучасны рэнтгенаўскі кампутарны 64-зрэзавы тамограф, дарэчы, самы магутны на сёння ва ўсёй вобласці.

Заходзяць журналісты ў тэрапеўтычны корпус - і тут абстаноўка ўжо больш сціплая: калідоры і палаты даўно патрабуюць абнаўленняў. Галоўны лекар тлумачыць: рамонт робяць не за бюджэтныя сродкі, а гаспадарчым спосабам — за ўласнаручна заробленае, а яго ні на што не стае. Прыводзіць лічбы, якія ведае на памяць:

- На касметычны рамонт адной палаты выдаткоўваем прыкладна 600-800 рублёў. А такіх палат толькі на гэтым паверсе 20. Усяго ж 5 паверхаў (адзін ужо цалкам адрамантаваны). Вось і памнажайце.

Памнажаем - і атрымліваецца, што Таўтыну на абнаўленне палат трэба яшчэ 64 тысячы рублёў. Разам з тым, за чатыры месяцы гэтага года ЦРБ зарабіла на платных паслугах 456 тысяч.

- Дык павінна выстарчыць — мяркуюць журналісты.

- Выстарчыла б, калі б гэта былі нашы грошы! Забярыце ад гэтай сумы заробкі медперсаналу, камунальныя аплаты, аплату за ваду, электрычнасць, марнаванні на куплю сродкаў для дэзінфекцыі і многае-многае іншае. На іншыя патрэбы лякарні не застанецца амаль нічога. Вось пацыент прыходзіць на КТ, плаціць 50 рублёў за паслугу - і думае, што ўсе гэтыя грошы лякарні застаюцца. На справе ж мы атрымліваем 15, максімум-20% ад заробленага. Гэта — кропля ў моры, казаць аб нейкіх вялікіх заробках не даводзіцца.

Таму ўся надзея ў лякарні - на выдаткоўванне бюджэтных сродкаў. Летась з абласнога і мясцовага бюджэтаў, а таксама за кошт спонсарскай дапамогі мясцовых прадпрыемстваў лякарні далі грошы на набыццё 13 апаратаў ЭКГ, апарата ШВЛ, двух манітораў для рэанімацыі, дэфібрылятар і інш.

З пакуль нязбытнага - новыя апараты УГД. У наяўных - знос 100%.

- З аднаго боку, такі знос не азначае, што на абсталяванні нельга працаваць. З іншага - іх эксплуатацыя становіцца вельмі марнатраўнай. Калі апарату больш за 10 гадоў, запчасткі зношваюцца, іх даводзіцца мяняць, а гэта не таннае задавальненне. Да прыкладу, замена толькі аднаго датчыка для апарата УЗІ сэрца каштуе 12 тысяч рублёў, пры гэтым увесь новы апарат будзе каштаваць 50-60 тысяч. Лягчэй, вядома, набыць новы, але пакуль такіх грошай у лякарні няма.

А яшчэ тут патрэбна новая лапараскапічная стойка коштам 250 тысяч рублёў.

Прыкладна такая ж сітуацыя і з аўтапаркам станцыі хуткай дапамогі. Мясцовыя газэлі і УАЗы замест пакладзеных 5 гадоў эксплуатуюцца 10 і больш.

- З 14 аўтамабіляў у нас толькі адзін ва ўзросце да пяці гадоў - гэта амаль новая ГАЗель, якую нам выдалі летась. Самы ж стары-15-гадовы ГАЗ «Собаль». Трэба, па-першае, разумець, што гэта аўтамабілі з вялікім прабегам, ды і, калі шчыра, маркі гэтыя ненадзейныя — бывае, яшчэ новыя, а ўжо даводзіцца лезці пад капот, — дзеліцца набалелым загадчык станцыяй хуткай медыцынскай дапамогі Светлагорскай ЦРБ Аляксей Аўчыннікаў.

Зрэшты, сёлета з абласнога бюджэту Светлагорскай ЦРБ выдаткавалі 150 тысяч рублёў на закупку новага і такога неабходнага для раёна рэанімабіля.

Крыніца з медыцынскіх колаў, якая пажадала застацца невядомай, запэўнівае, што такая сітуацыя з абсталяваннем, як у Светлагорску, сёння ў кожным раённым цэнтры, за выключэннем хіба што раёнаў, пацярпелых ад ЧАЭС, якім грошы ідуць паводле чарнобыльскай праграмы. І яшчэ пару гадоў таму справы ў Светлагорскай ЦРБ ішлі нашмат лепш - дарэчы, як ні парадаксальна, але дзякуючы шкоднаму мясцоваму заводу ЦКК.

- Раней, калі будавалі завод кітайцы - а іх тут было вельмі шмат — мы нядрэнна сябе адчувалі: як замежнікі яны праходзілі абследаванні і лячыліся на платнай аснове і выдатна ўздымалі нам экспарт паслуг. Але цяпер яны з'ехалі — упалі і нашы даходы.

З тых часоў, кажа крыніца, выхад адзін - цярпліва чакаць дапамогі зверху.

Яшчэ можна спадзявацца на дапамогу мецэнатаў і неабыякавых. З 2014 года ў Светлагорскай ЦРБ адкрыты дабрачынны рахунак - але з моманту яго з'яўлення на яго не паступіла ні рубля.

Галоўны лекар тлумачыць: журналісты мясцовай газеты памыліліся, заклікаўшы дапамагчы лякарні гараджан і іншых неабыякавых людзей - гэта рахунак толькі для юрыдычных асоб. «Фізікі», на жаль, легальна падтрымаць рублём беларускую ахову здароўя паводле закона не могуць.

«Міністэрства аховы здароўя павінна думаць пра гэта, дзяржава і мясцовыя ўлады»

Журналісты спыталі жыхароў Светлагорска, ці гатовыя яны скінуцца на неабходнае абсталяванне для сваёй лякарні.

Кацярына:

- У нас на заводзе мы скідваемся часта: то на Чырвоны Крыж, то на які-небудзь помнік-і на лякарню б скінуліся. Але мяркую, што наогул мы рабіць гэтага не павінны, бо плацім падаткі.

Іван:

- Я б не даў грошай. Міністэрства аховы здароўя павінна думаць пра гэта, дзяржава і мясцовыя ўлады, а не Еўрапейскія гульні праводзіць і прыбіральні за мільёны будаваць.

Марыя:

- Я б грошай дала, але, ведаеце, мой муж добра зарабляе і падаткі, адпаведна, таксама вялікія плаціць, думаю, што толькі за ягоныя адлічэнні можна ўжо было хоць бы лінолеум у нашай інфекцыйнай лякарні замяніць.

Яўгенія:

- Калі б кінулі такі кліч, вядома б, дапамагла. Ну вось глядзіце: колькі ў Светлагорску жыхароў? 60 тысяч? Калі б хоць бы па рублю кожны даў, глядзіш, у лякарні б новы апарат УГД і з'явіўся, для нас жа ўсё гэта ў выніку.

Апошнія навіны