У маці Бабіча знайшлі шыкоўную кватэру плошчай 523 квадратныя метры
- 16.05.2019, 11:49
Гэта не ўся нерухомасць, якой валодала і валодае Жана Бабіч.
Расейскае выданне «Собеседник» напісала пра шыкоўную элітную нерухомасць, якой валодае паджылая маці былога пасла Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча - Жана Бабіч. Жанчына, якой ужо за 70, былая лекарка, піша nn.by.
Як высветлілі журналісты, Жана Бабіч не толькі дзеліць з дзецьмі чыноўніка сімвалічную двухпакаёўку, але і валодае шыкоўным дуплексам на верхніх паверхах ВК «Дамініён» на Ламаносаўскім праспекце ў Маскве. У Бабіч там самая прасторная кватэра ў гэтым доме (522,6 кв м), яна нават большая, чым суседні пентхаус, у якім жыве іншая Жана - Золатава (дачка кіраўніка Расгвардыі, яшчэ аднаго сябрука Пуціна).
Гэта не ўся нерухомасць, якой валодала і валодае Жана Бабіч: у яе былі дзве сумежныя кватэры ў ВК «Залатыя ключы», дзе пасяліўся і Дзмітрый Мядзведзеў, ёсць 145-метровая кватэра на Садовым коле, цагляны 468-метровая камяніца пад Масквой... Тэарэтычна з пакупкамі пенсіянерцы магла дапамагаць яе дачка, сястра Міхаіла Бабіча Ала Палякова, бо частку сваёй уласнасці Жана Бабіч альбо дарыла, альбо атрымлівала ад жанчыны з такім імем. Але ў дэкларацыі сястры Бабіча, якая з 2011 года засядае ў Масаблдуме, слядоў гэтых кватэр выявіць не ўдалося.
У дэкларацыях самога Міхаіла Бабіча таксама таго-сяго няма - згадкі пра яго жонку Галіну. Мяркуючы з усяго, ён з ёй раз'ехаўся. Разам з жонкай ён працягвае дзяліць іх былую службовую кватэру ў Вялікім Цішынскім. Мабыць, вялікай патрэбы для падзелу маёмасці няма. Затое цяпер няма і патрэбы ўказваць прыбыткі «былой жонкі», у якой раней быў агульны бізнэс з сям'ёй Паляковай.