BE RU EN

На БелАЭС пачаліся выпрабаванні перад загрузкай ядзернага паліва

  • 5.04.2019, 17:36

Першы энэргаблок АЭС у Астраўцы плануюць увесці ў эксплуатацыю ўжо сёлета.

На Беларускай АЭС пачалі выкананне праграмы ўводу ў эксплуатацыю энэргаблока №1, паведамілі ў групе кампаній ASE (генеральны праекціроўшчык і генеральны падрадчык БелАЭС). Пра гэта піша onliner.by.

На першым энэргаблоку спецыялісты прыступілі да першага тэхналагічнага працэсу праграмы - індывідуальных выпрабаванняў і апрабавання абсталявання першага і другога контураў рэактарнай устаноўкі, якія будуць задзейнічаныя ў гідраўлічных выпрабаваннях і цыркуляцыйным прамыванні.

Стандартызаваная праграма ўводу ў эксплуатацыю блокаў атамных станцый з вода-вадзянымі энэргетычнымі рэактарамі складаецца з чатырох этапаў: перадпускавыя наладачныя работы (этап А), фізічны пуск (этап Б), энэргетычны пуск (этап У) і доследна-прамысловая эксплуатацыя (этап Г).

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца паводле расейскага праекта паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць). Першы энэргаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020 годзе.

Нагадаем, Літва не раз заяўляла пра сваю прынцыповую пазіцыю ў пытанні будаўніцтва БелАЭС.

Апошнія навіны