BE RU EN

Што кажуць начальнікі чыноўніка, які памёр падчас падрыхтоўкі да прыезду Лукашэнкі

  • 3.04.2019, 12:18

Ігар Кабылянец сканаў падчас пабелкі кароўніка на ферме.

1 красавіка СМІ напісалі пра смерць чыноўніка Шклоўскага райвыканкама Ігара Кабылянца. 50-гадовага эканаміста з управы сельскай гаспадаркі адправілі бяліць кароўнікі на ферме. Падчас працы мужчыну стала дрэнна, ён памёр.

Сваякі Кабылянца сцвярджаюць, што чыноўніка, як і іншых работнікаў райвыканкама, перыядычна адпраўлялі мыць і фарбаваць фермы. Кажуць, такая практыка з'явілася, калі Шклоўскі райвыканкам узначаліў Васіль Віцюноў - надоечы звольнены з гэтай пасады.

ІГАР КАБЫЛЯНЕЦ

«Наша Ніва» звярнулася па каментары да начальніка памерлага чыноўніка.

Начальнік управы сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкама Міхаіл Куксянкоў сваім адказам здзівіў.

«Кабылянец на сённяшні дзень у нас не працуе», - паведаміў Куксянкоў.

МІХАІЛ КУКСЯНКОЎ

На ўдакладненне, што ўжо вядома пра смерць ягоную падначаленага, чыноўнік адказаў так:

«Спытаеце ў ягонай жонкі, яна лепш ведае. Хто яго куды адпраўляў, памёр ён, не памёр, я не блізкі сваяк, не магу вам растлумачыць гэтага».

Ірына Лазарэнка, намесніца Куксянкова, паведаміла, што нічога не можа сказаць, бо на момант трагедыі была ў адпачынку і нічога не ведае.

Васіль Віцюноў, які нібыта і адпраўляў чыноўнікаў працаваць у кароўніках, ужо змяніў працу. 26 сакавіка Лукашэнка наведаў аграхолдынг «Купалаўскі» і зладзіў разнос, убачыўшы брудных і «абасраных» кароў. Пасля паляцелі галовы: звольнілі міністра сельскай гаспадаркі Зайца, віцэ-прэм'ера Русага, магілёўскага губернатара Даманеўскага. Знялі і Віцюнава - з пасады кіраўніка Шклоўскага райвыканкама яго перавялі на пасаду кіраўніка таго самага аграхолдынга «Купалаўскі».

Журналісты звязаліся з Віцюнавым, але ён не захацеў размаўляць. Адказаў коратка: ніякіх каментароў, усе пытанні следчым.

ВАСІЛЬ ВІЦЮНОЎ

Дарэчы, блізкія да сям'і памерлага Ігара Кабылянца сцвярджалі, што чыноўнік меў напружаныя стасункі з Віцюнавым. Гэта не першая непрыемная гісторыя ў біяграфіі экс-старшыні райвыканкама.

Год таму павесіўся Дзмітрый Васілеўскі, які на той момант кіраваў тым самым «Купалаўскім». СМІ пісалі, што ў Васілеўскага са старшынём райвыканкама быў канфлікт. Сам Віцюноў сцвярджаў, што канфлікту не было.

Апошнія навіны