BE RU EN

Спрэчка аб мяжы Чачэніі і Інгушэціі: адкліканыя папраўкі ў закон аб рэферэндуме

  • 20.03.2019, 14:53

Напярэдадні гэты дакумент прайшоў першае чытанне ў інгушскім парламенце.

Прэзідэнт Інгушэціі Юнус-Бек Еўкураў адклікаў з Народнага сходу папраўкі, якія робяць неабавязковым правядзенне рэферэндуму ў такіх пытаннях, як змяненне тэрыторыі, межаў або назвы рэспублікі. Напярэдадні гэты дакумент прайшоў першае чытанне ў рэспубліканскім парламенце.

Еўкураў заявіў, што прыняў сённяшнюю пастанову пасля звароту рады тэйпаў, парламентарыяў і дэпутатаў, удакладніўшы, што закон будзе дапрацаваны і можа быць паўторна ўнесены цягам трох месяцаў, паведамляе «Радыё Свабода».

26 верасня 2018 года кіраўнікі Чачэніі ды Інгушэціі, Рамзан Кадыраў і Юнус-Бек Еўкураў, уклалі пагадненне аб усталяванні мяжы паміж дзвюма рэспублікамі, якая не была замацаваная з часоў распаду СССР. Паводле дакумента частка інгушскіх зямель пераходзіла Чачэніі. У Інгушэціі пачаліся масавыя пратэсты.

У кастрычніку Канстытуцыйны суд Інгушэціі скасаваў прыняты мясцовым парламентам закон, які ўводзіць пагадненне аб мяжы ў дзеянне, і запатрабаваў правесці рэферэндум у гэтым пытанні. На закон «Аб рэферэндуме Рэспублікі Інгушэція» спасылаліся і праціўнікі пагаднення аб мяжы.

У снежні Канстытуцыйны суд Расеі прызнаў пагадненне законным. Старшыня суда Валерый Зоркін паведаміў, што Канстытуцыйны суд Інгушэціі не меў права прымаць пастанову. Пасля гэтага Юнус-Бек Еўкураў заявіў, што ў пытанні аб мяжы з Чачэніяй пастаўленая кропка. У адказ прадстаўнікі інгушскай апазіцыі запэўнілі, што прадоўжаць пратэсты.

Апошнія навіны