BE RU EN

Палітвязня Святаслава Барановіча перавялі на турэмны рэжым зняволення

  • 19.02.2019, 19:13

Святаслаў Барановіч амаль увесь час знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

У папраўчай калоніі №1 Наваполацка 12 лютага завяршыўся судовы разбор супраць Святаслава Барановіча. Аднак пастанова суда, як піша праваабарончы сайт «Вясна», была агучаная толькі 15 лютага. Суд пастанавіў, што Барановіч на астатні тэрмін пакарання - 1 год 7 месяцаў і 20 дзён - «пераводзіцца на турэмны рэжым».

Суддзя Ф. Янюк, якая разглядала гэтую справу, спасылалася на тое, што толькі ў кастрычніку 2018 года Баранавічы атрымаў 12 дысцыплінарных спагнанняў. Дарэчы, зняволены абскардзіў іх у судзе Наваполацка і Віцебскім абласным судзе, але безвынікова.

Яго сястра Наталля распавяла праваабаронцам, што Святаслаў працяглы час знаходзіцца ў штрафным ізалятары, не мае кантактаў са знешнім светам і пастаянна атрымлівае разнастайныя дысцыплінарныя пакаранні. «Ад адваката вядома, што ён моцна схуднеў, страціў блізу 10 кілаграмаў вагі», - дадала жанчына.

Падчас адбыцця пакарання адміністрацыя калоніі паставіла Барановіча на розныя ўлікі. Як «асобу, схільную да захопу закладнікаў і хуліганскіх праяў» ён быў пастаўлены на ўлік праз чатыры дні пасля таго, як трапіў у калонію.

Нагодай для асуджэння Барановіча стала здарэнне 15 сакавіка 2017 года. Пасля «Марша недармаедаў» невядомыя асобы ў цывільным напалі ў тралейбусе на анархістаў, якія вярталіся з дазволенай уладамі акцыі. Барановіч заступіўся за моладзь, але чалавек, з якім ён біўся, аказаўся супрацоўнікам міліцыі.

Апошнія навіны