BE RU EN

Алкатэстар пад елкай

  • Ірына Халіп
  • 6.12.2019, 8:48

Навошта супрацоўнікаў МЗКЦ вымушаюць на адзін дзень выйсці на працу падчас неаплачанага адпачынку?

Пакуль беларусы пішуць ва ўрад чалабітныя з просьбай зрабіць ці то 31 снежня, ці то 2 студзеня выходным днём, дзяржава толькі лагодна пасмейваецца з непатрабавальнага народа і клапоціцца пра яго з такім размахам, што хоць святых вынось. Святкуйце, грамадзяне, хоць здушыцеся! Толькі грошыкі рыхтуйце загадзя, ніхто ваш адпачынак аплачваць не збіраецца.

Ледзь стала вядома, што на «Беларуськаліі» супрацоўнікаў адпраўляюць у адпачынак за свой кошт на тыдзень з 31 снежня да 7 студзеня, як Менскі завод колавых цягачоў неадкладна ўступіў у сацыялістычнае спаборніцтва ў маштабе навагодняга адпачынку і шырокім жэстам адправіў усіх адпачываць на два тыдні. Таксама, вядома, за свой кошт, але затое які размах! Летась супрацоўнікаў МЗКЦ, праўда, адпраўлялі ў адпачынак за свой кошт яшчэ маштабней: з 22 снежня да 14 студзеня, – і ў дзень першага студзеньскага заробку ім урачыста выдалі квіточкі ад Дзеда Мароза, у якіх стаяла падарункавая лічба 0. Сёлета яны будуць вымушана адпачываць з 28 снежня да 13 студзеня. Нібыта і менш, але затое якую нечаканку ім паклалі пад ялінку!

Рэч у тым, што ўвесь завод, сыходзячы ў неаплатны навагодні адпачынак, павінен чамусьці выйсці на працу 3 студзеня. Потым – зноў 10 свабодных неаплатных дзён. А нечанканка з першага погляду здаецца незразумелай і нелагічнай: чаму не пачаць гэты вымушаны адпачынак на дзень пазней, калі прадпрыемству так патрэбны дадатковы дзень? Або чаму не выйсці на дзень раней? А вось тут і хаваецца сакрэт.

Не ведаю, як ідуць справы на іншых прадпрыемствах, але на прахадной МЗКЦ працоўных часта просяць «дыхнуць у трубачку». І калі алкатэстэр што-небудзь наяўнае ў арганізме «пасля ўчорашняга» паказвае, то працоўнага альбо пазбаўляюць прэміі, альбо звальняюць «паводле артыкула». Прэмія там – гэта зусім не заахвочванне за ўдарную працу. Проста так большасці налічваюць заробак. Да прыкладу, аклад зварніка – 270 рублёў. Усё астатняе – прэмія. І пазбаўленне прэміі – гэта фактычна пазбаўленне заробку. А цяпер сачыце за рукой.

Апошні заказ МЗКЦ выканаў летам. І апошнія паўгода на заводзе толькі і размоваў было, што пра перавод на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Але не перавялі. І цяпер становіцца зразумела, чаму. Давайце ўявім сабе людзей, якія ідуць на змену раніцай 3 студзеня, пасля вялікіх святаў і з перспектывай прадаўжэння. Вядома, можна выказаць здагадку, што ўсе яны выпілі ў навагоднюю ноч келіх шампанскага, а а сёмай раніцы першага студзеня каляндарнага выйшлі на ранішнюю прабежку. Нехта, можа, і выйдзе. Хтосьці ўвогуле не вып'е нават пад бой гадзінніка. Але большасць зладзіць першага і другога студзеня апахмелку, паходы ў гасці з даяданнем салатаў і дапіваннем запасаў. Так што наўрад ці раніцай трэцяга ўсе яны будуць свежыя, як травеньскія ружы.

Што далей? Далей – «дыхніце ў трубачку». І – вуаля! – столькі, колькі трэба, за адзін дзень можна спакойна звальняць «паводе артыкула». Навошта скарачаць супрацоўнікаў, калі пра скарачэнне трэба папярэджваць мінімум за два месяцы, а потым яшчэ і выхадную дапамогу ў памеры трохразовага сярэдняга заробку выплаціць? Так што скарачаць штаты – выхадных дапамог не напасешся. А тут за адзін дзень, адным махам, можна даць выспятка кучы людзей і пры гэтым выдатна зэканоміць. А людзі... Ды што людзі? Хрэн на блюдзе, як вядома.

Можна ўявіць сабе, на якую суму абыдзецца прадпрыемству гэты адзін дзень 3 студзеня – колькі давядзецца выдаткаваць на электраэнэргію і ацяпленне завода. Зрэшты, калі памножыць на ўсё «пустыя» дні, то можна, напэўна, падпаліць арктычныя льды. Дарэчы, дзяржава, якая прывыкла пускаць пыл у вочы, не падумала пра тое, што для яе было б больш выгодна перавесці людзей на чатырохдзёнку. Нехта шукаў бы іншую працу і пайшоў бы сам, не праз скарачэнне з выплатай выхадной дапамогі. Нехта знайшоў бы магчымасць разавай падпрацоўкі ў пятніцы. А нехта праводзіў бы раптоўны вольны дзень у кіно і гандлёвых цэнтрах, падтрымліваючы кульгавую беларускую эканоміку ўсімі сваімі эндээсамі. Зрэшты, навошта? Грошы хай айцішнікі марнуюць – ад іх у гандлёвых цэнтрах больш карысці. А працоўнымі можна маніпуляваць. Яны, мусіць, і не зразумеюць, што іх звольнілі. Будуць яшчэ на працу хадзіць і прасіць, каб дазволілі хоць бясплатна папрацаваць – што-небудзь зварыць, вывастрыць, выпілаваць.

Пілуйце, Шура. Хоць да самай пенсіі – калі яе, вядома, не скасуюць аднойчы пад Новы год.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны