BE RU EN

Уладзімір Някляеў пра «эскадроны смерці»: Ускосна Лукашэнка прызнаваўся ў гэтым

  • 23.12.2019, 12:42

Дыктатар зрабіў агаворку паводле Фрэйда.

Палітык і паэт Уладзімір Някляеў пракаментаваў сенсацыйныя прызнанні экс-байца САХРа Юрыя Гараўскага, які заявіў "Нямецкай хвалі", што 20 гадоў таму ён удзельнічаў у выкраданнях і забойствах беларускіх апазіцыянераў.

– У Віктара Ганчара была пэўная палітычная вага, сувязі – гэта значыць усе неабходныя якасці для таго, каб быць канкурэнтам Лукашэнкі, – кажа Уладзімір Някляеў у інтэрв'ю ўкраінскаму тэлеканалу ICTV.

Тэлеканал успамінае, як аднойчы Лукашэнка даволі двухсэнсоўна выказаўся з нагоды практыкі «знікнення» апазіцыянераў. У 2010 годзе кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты спецназам, а потым вывезены са шпіталя ў невядомым кірунку. Некалькі сутак сваякі Някляева не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Пра лёс палітыка ў Лукашэнкі спыталі журналісты на прэс-канферэнцыі 20 снежня 2010 года. Тады дыктатар заявіў:

– Вы думаеце, што мы яго скралі і кудысьці павезлі? Не. Такіх падарункаў не будзе БОЛЬШ, – заяўляў тады Лукашэнка.

– Ускосна гэта прызнанне ў тым, што такія «падарункі» былі. І Ганчара, і Захаранку, і Красоўскага ён забіў, – адказвае на гэтыя словы Уладзімір Някляеў.

Нагадаем, расследаванне знікненняў апазіцыянераў у Беларусі да канца даведзенае не было. У 2004 годзе спецдакладнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХРа пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведання кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць праваабаронцы і родныя зніклых.

Апошнія навіны