BE RU EN

Фільм, натхнёны кнігай Святланы Алексіевіч, перамог на Жэнеўскім кінафестывалі

  • 11.11.2019, 23:16

Таксама Расея вылучыла яго на «Оскар».

Фільм «Дылда» маладога расейскага рэжысёра Кантэміра Балагова прызнаны найлепшым поўнаметражным фільмам гэтага года на XXV Міжнародным кінафестывалі ў Жэневе. Усяго на кінааглядзе было прапанавана 55 працаў, піша часопіс «Нож».

«Вельмі моцная карціна ад вельмі маладога рэжысёра. Ён звяртаецца да тэмы выжывання, складанасці чалавечых узаемаадносінаў, рэальнасці, надзеі, кампрамісу і яго кошту. Сапраўдны твор мастацтва пра смутак і аднаўленне», – адзначыла журы фестывалю.

Суддзі таксама пахвалілі працу акторак Вікторыі Мірашнічэнкі і Васілісы Пералыгінай.

Карціна апавядае пра лёс дзвюх удзельніцаў Другой сусветнай вайны, якія вярнуліся ў 1945 годзе ў Ленінград і спрабуюць здабыць новае мірнае жыццё.

У траўні «Дылда» атрымала дзве ўзнагароды Канскага фестывалю ў рамках праграмы «Асаблівы погляд»: за найлепшую рэжысуру і прыз FIPRESCI. У чэрвені стужка ганаравалася Гран-пры фестывалю «Зеркало». Расея высунула фільм на «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове».

Як раней паведамляў сайт Charter97.org, на стварэнне стужкі Кантемира Балагова натхніла кніга беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар».

Апошнія навіны