Курцоў абмяжуюць дэкрэтам Лукашэнкі
- 24.01.2019, 20:07
Лукашэнка 24 студзеня падпісаў дэкрэт №2, якім зрабіў больш жорсткім антытытунёвае заканадаўства.
Мэта дакумента - паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў, прадухіленне негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка. Закрануць змены і так званыя электронныя цыгарэты.
Дакумент прадугледжвае карэкціроўку дэкрэтаў ад 17 снежня 2002 года №28 і ад 18 кастрычніка 2007 году №4, якія рэгулююць вытворчасць, абарот і спажыванне тытунёвых вырабаў.
«Дэкрэтам прадугледжанае заканадаўчае ўрэгуляванне вытворчасці, абарот і выкарыстанне электронных сістэм курэння, а таксама прыладаў, якія выкарыстоўваюцца для награвання тытуню без яго гарэння або тлення - сістэм для спажывання тытуню.
Устанаўліваецца, што на такія сістэмы будуць распаўсюджвацца асобныя прававыя нормы, якія дзейнічаюць у дачыненні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвых вырабаў», - гаворыцца ў паведамленні.
Між іншым, права на ажыццяўленне дзейнасці, звязанае з вытворчасцю
і абаротам сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх, выдаецца толькі суб'ектам гаспадарання Беларусі. Забараняецца:
адкрытая выкладка вадкасцяў для электронных сістэм курэння ў вітрынах і іншым гандлёвым абсталяванні,
рэклама, продаж непаўналетнім вадкасцяў для электронных сістэм курэння.
Будуць уведзены абмежаванні па месцах продажу, выкарыстання (спажывання) электронных сістэм курэння.
У дакуменце пазначана таксама, дзе цалкам забаронена курэнне: у дапаможных памяшканнях жылых дамоў, ліфтах, аўтамабілях, якія перавозяць дзяцей да 14 гадоў, на дзіцячых пляцоўках, рабочых месцах у памяшканнях, тэрыторыях і ў памяшканнях спартыўна-аздараўленчых лагераў, установах адукацыі, падземных пераходах, на прыпыначных пунктах і пасадачных пляцоўках.
Акрамя таго, забаронена выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб'ектаў слоў, тоесных або падобных з найменнем відаў тытунёвых вырабаў.
З 1 студзеня 2020 года ўводзяцца патрабаванні да продажу ў крамах, якія маюць гандлёвую плошчу больш за 1000 кв. м, тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх толькі праз таварныя аддзелы. З 1 студзеня 2022 года ўводзіцца забарона на выкарыстанне для захоўвання і продажу тытунёвых вырабаў у крамах і павільёнах абсталявання, якое размяшчаецца над кантрольна-касавымі вузламі.