BE RU EN

Уладальнікі казіно ў Віцебскай вобласці 1,5 гады пастаўлялі санкцыйную прадукцыю ў РФ

  • 24.01.2019, 17:27

Некалькі чалавек узятыя пад варту.

Больш за дзесяць чалавек, жыхароў Менска, Воршы і грамадзян РФ, са снежня 2016 да красавіка 2018 года нелегальна пастаўлялі ў Расею гародніну і садавіну з Турцыі і краін Еўразвязу, паведамілі tut.by ў МУС. Распачатая справа за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

«Санкцыйны груз прыбываў у рэспубліку і праходзіў афіцыйнае мытнае афармленне на рэквізіты падкантрольных фігурантам мясцовых ілжэпрадпрымальніцкіх структур. На паперы гародніна і садавіна нібыта рэалізоўваліся ў Беларусі. У рэчаіснасці ж прадукцыя з падробленымі дакументамі вывозілася для продажу ў Расею», - распавялі ва ўстанове.

Там паведамілі, што ў якасці адстойніка цяжкавікоў з нелегальным таварам выкарыстоўвалася пляцоўка каля казіно ў Дубровенскім раёне на беларуска-расейскай мяжы. Валодаюць казіно чальцы групы.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу на падставе ч.3 арт.233 КК (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць у складзе арганізаванай групы).

Агульная сума арыштаванай нерухомасці, дарагога аўтатранспарту, а таксама канфіскаваных грашовых сродкаў і каштоўных металаў перавысіла 2 млн рублёў. Акрамя таго, арыштавалі банкаўскія рахункі суб'ектаў гаспадарання, падкантрольных фігурантам.

У міліцыі ўдакладнілі, што нелегальныя бізнэсоўцы атрымалі даход у асабліва значнай суме. Трое ўдзельнікаў групы ўзятыя пад варту.

Апошнія навіны