Часовы прэзідэнт Венесуэлы заявіў, што не разрывае дыпламатычныя стасункі з іншымі краінамі
- 24.01.2019, 9:08
Хуан Гуайда заклікаў замежных дыпламатаў застацца ў краіне.
Лідар апазіцыі Венесуэлы Хуан Гуайда заявіў, што краіна не мае намеру разрываць дыпламатычныя стасункі з іншымі дзяржавамі, паведамляе nv.ua.
"На падставе паўнамоцтваў, дадзеных мне Канстытуцыяй, паведамляю кіраўнікам усіх дыпламатычных місій і ўсім дыпламатам, хто знаходзіцца ў Венесуэле, што наша дзяржава хоча, каб яны захавалі дыпламатычную прысутнасць у нашай краіне", - заявіў Гуайда.
Нагадаем, што 23 студзеня спікер апазіцыйнай Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Хуан Гуайда прыняў прысягу ў якасці выканаўцы абавязкаў прэзідэнта.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адразу ж заявіў, што прызнае лідара апазіцыі Венесуэлы часовым прэзідэнтам. Канада, Бразілія, Парагвай, Калумбія, Перу і Чылі падтрымалі лідара апазіцыі Венесуэлы.
У адказ Нікалас Мадура абвясціў аб разрыве дыпламатычных стасункаў з ЗША і даў амерыканскім дыпламатам 72 гадзіны, каб пакінуць краіну.