BE RU EN

Дэпутаты Беластока патрабуюць вярнуць беларусам візы «на закупы»

  • 12.01.2019, 12:02

Рада горада Беластока прыняла 11 студзеня пастанову ў справе скасавання візаў «на закупы» для беларусаў.

Беластоцкія дэпутаты ад імя «Грамадзянскай платформы» патрабуюць ад міністра замежных спраў Польшчы вярнуць візы. З іх слоў, скасаванне віз «на закупы» адмоўна адаб'ецца на Падляшскай эканоміцы і памежных стасунках, піша newgrodno.by.

Як кажа Ёвіта Худзік, на гэтай пастанове страцяць не толькі беларусы, але таксама беластоцкія прадпрымальнікі.

- Ліквідацыя віз «на закупы» прывядзе да страт беластаччан, якія працуюць у сферы паслуг і гандлю. Пры адначасовых абмежаваннях, уведзеных беларускім бокам, гэта можа прывесці, па праўдзе кажучы, да ліквідацыі гандлёвага турызму, можа абмежаваць і парушыць нашы добрасуседскія стасункі, - паведамляе «Радыё Рацыя».

З другога студзеня польскі ўрад скасаваў візы «на закупы» для грамадзян Беларусі.

З году ў год беларусы ўсё менш купляюць у падляшскіх крамах. Паводле звестак мытнікаў, у 2018 годзе грамадзяне Беларусі купілі тавараў на 618 мільёнаў злотых. Гэта на 50 мільёнаў менш, чым у 2017 годзе. Яшчэ ў 2014 годзе беларусы купілі на Падляшшы тавараў на 1 мільярд злотых.

Апошнія навіны