BE RU EN

Лукашэнка даручыў арганізаваць пастаўкі нафты праз краіны Балтыі

  • 10.01.2019, 19:09

Але краінам Балтыі прапанова дыктатара нявыгадная.

Беларусь плануе пачаць пастаўкі нафты ў краіну праз парты краін Балтыі. Даручэнне прапрацаваць гэта пытанне даў ураду Лукашэнка.

«Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе развязаць: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты», - прыводзіць словы Лукашэнкі агенцтва БелТА.

Дыктатар адзначыў, што ў выпадку, калі Літва на гэтыя ўмовы не пагодзіцца, то «з латышамі трэба дамовіцца і закупляць гэтую нафту». «Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць балтыйскія рэспублікі», - падкрэсліў Лукашэнка.

На думку беларускага кіраўніка, гэта для балтыйскіх краін будзе больш выгадна, чым цяперашняе пагадненне, у рамках якога нафтапрадукты закупляюцца сусветнымі коштамі.

Таксама Лукашэнка даручыў ураду кампенсаваць выдаткі ў любых напрамках супрацоўніцтва з Расеяй. «Мы несці страты да ўзроўню мінулага года не можам. Таму ўсе страты павінны быць кампенсаваныя па тых ці іншых кірунках супрацоўніцтва з Расейскай Федэрацыяй», - сказаў ён.

Краінам Балтыі прапанова Лукашэнкі нявыгадная

Са слоў Лукашэнкі, з Літвой ці Латвіяй «можна дамовіцца так, што гэта будзе наша агульная нафта, якую мы перапрацуем на мадэрнізаваным Наваполацкам НПЗ», і тады балтыйскім краінам будзе танней купляць беларускія нафтапрадукты, чым тыя, што цяпер купляюцца сусветнымі коштамі.

Як піша «Радыё Свабода», калі Беларусь (нават з удзелам Літвы або Латвіі) будзе купляць нафту сусветнымі коштамі, то з нафтапрадуктамі не атрымаецца той маржы, якую можна дзяліць.

Літоўцам ці латвійцам будзе больш выгадна купляць нафтапрадукты з іншых заводаў, якія купляюць нафту тымі ж сусветнымі коштамі, але прапануюць больш нізкія кошты дзякуючы меншым выдаткам на дастаўку.

Апошнія навіны