BE RU EN

Лукашэнка распавёў пра п'яніц ва ўрадзе

  • 31.08.2018, 13:43

Як выявілася, дыктатар прызначаў на кіроўныя пасады тых, хто «п'е да страты пульсу».

Лукашэнка анансаваў новыя кадравыя перастаноўкі, і адна з прычын, з ягоных слоў - праблема п'янства, у тым ліку сярод кіроўнага складу, паведамляе БелТА.

«Я прадаўжаю маніторыць і адсочваць сітуацыю пасля абнаўлення ўрада. Хачу сказаць, што гэта яшчэ не канчаткова. Мы яшчэ вернемся да шматлікіх службовых асобаў, і не толькі ва ўрадзе, якія сёння не даюць вынік ці не працуюць паводле тых прынцыпаў, якія вызначаныя мной, - адзначыў дыктатар. - Публічна хачу сказаць аб недапушчальнасці п'янства. Мне сорамна было пра гэта казаць, але многія кіраўнікі, якіх я адправіў нядаўна, за каўнер закладвалі прыстойна».

«Я ж не кантралюю вас, з кім вы выпіваеце, з кім вы ў лазню ходзіце, з кім размаўляеце. На здароўе. Вы - кіраўнікі, вы павінны ўсё гэта ўмець. Але што да п'янкі, вы павінны ведаць сваю меру, вы павінны ведаць, з кім, дзе і колькі, як у народзе кажуць. Калі вы гэта пачуццё губляеце - вы не кіраўнік. І вось на гэтую прычыну нам давядзецца з некаторымі найбліжэйшым час расстацца. Яны не разумеюць, дзе яны працуюць», - сказаў Лукашэнка.

«І я гэта кажу не столькі нават для вас, а для жонак тых п'яніц, якія неўзабаве застануцца без партфеля. Яны там усё гэта бачаць, але спыніць не могуць ці не хочуць. А потым, калі мужы губляюць партфелі, пачынаюць галасіць. А чаго галасіць? Да мяне прэтэнзій не трэба выстаўляць. Я адкрыта і сумленна сказаў пра свае прынцыпы і патрабаванні. Людзі гэта чулі. Прагаласавалі за мяне - будзьце добрыя прытрымлівацца гэтых прынцыпаў. П'яніца - гэта не кіраўнік. Калі ён сёння напіўся да страты пульсу, і гэта праз дзень або кожны дзень, ён назаўтра не працаўнік. Ён ходзіць і думае, як бы дзе пахмяліцца», - канстатаваў дыктатар.

Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў ведаць меру пры ўжыванні спіртнога. «Вы павінны ведаць, што мы на вачах у людзей. Яны нам не даруюць, калі мы спатыкаемся нават па дробязях. Я не хацеў пра гэта раней казаць, бо мне няёмка. Я не ўмею пра гэта казаць, бо я чалавек практычна непітушчы», - адзначыў дыктатар.

Разам з тым Лукашэнка падкрэсліў, што некаторыя выпіваюць з нагоды і без нагоды. «І больш за ўсё - без нагоды. І забываюцца пра працу, - сказаў ён. - Разам з адсутнасцю стараннасці, недысцыплінаванасці вось гэты варыянт - п'янства - ён наогул непрымальны ў кіраўніцтве. Я не кажу пра тое, што ўсе святыя і чарку не павінны ў руках трымаць. Я кажу пра п'янстве і пра п'яніц. Іх у кіраўніцтве не будзе».

«І я гэта кажу тым, хто ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі пачынаюць пакутаваць, стагнаць і выбудоўваць, як я часта кажу, нейкую канспіралогію з нагоды замены тых членаў урада і некаторых службовых асоб, якія адбыліся», - дадаў Лукашэнка.

Апошнія навіны