BE RU EN

Канстанцін Баравы: Трамп заклікае пачаць дарослую гульню супраць Расеі

  • 11.07.2018, 16:40

Прэзідэнт ЗША мае намер дамагчыся ад ЕЗ больш рашучай палітыкі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер дамагчыся ад Еўразвязу радыкальных дзеянняў для паніжэння энэргетычнай залежнасці ЕЗ ад Расеі. Такое меркаванне ў каментары выданню «Гордон» выказаў расейскі апазіцыянер і палітычны экспэрт Канстанцін Баравы.

«Фактычна, цяпер Трамп абвінавачвае Еўразвяз у падтрымцы Крамля. Ён звярнуў увагу, што немцы выдаткоўваюць на абарону ўсяго 1% свайго бюджэту, патрабуюць дапамогі ад ЗША, але пры гэтым плацяць Расеі мільярды даляраў за энэргарэсурсы. Прычым быў намёк на тое, што Нямеччына адмаўляецца ад энэргарэсурсаў, прапанаваных Амерыкай.

З пункту гледжання Трампа, гэта несумленная гульня: маўляў, РФ выкарыстоўвае мільярды Еўрапейскага Звязу для паслаблення яго ж бяспекі. Гэта просты погляд на рэчы, які еўрапейцы не могуць не прыняць. Трамп дамагаецца прагматызму і паслядоўнасці ад еўрапейскай палітыкі. Аднак ЕЗ ідзе на ўмовы Пуціна - напрыклад, згаджаецца на будаўніцтва «Паўночнага струменю – 2».

І такім чынам яны трапляюць у залежнасць ад Расеі. Хоць па-добраму, ужо пара падняць пытанне эмбарга, бо эфектыўнасць санкцый супраць РФ выклікае сумневы. І Трамп заклікае пачаць дарослую гульню», - падкрэсліў Баравы.

Ён адзначыў, што праз бюракратыю ў структуры ЕЗ даволі складана правесці якія-небудзь сур'ёзныя змены.

«Трамп заклікае да здаровага сэнсу. У ЕЗ яго чуюць, але мала што могуць зрабіць. Бо сучасная структура Еўрапейскага Звязу занадта бюракратызаваная. Яна не выжыве, калі правесці нейкія радыкальныя змены.

Трамп - прэзідэнт ЗША, а не свету. Але склалася сітуацыя, калі еўрапейцы перакладаюць на амерыканцаў адказнасць за прыняцце шэрагу развязанняў. Да прыходу Трампа гэта ўспрымалася як норма. А ён даў зразумець, што бяспека Еўропы - гэта адказнасць зусім не ЗША. Тое ж датычыцца і Украіны: яе выратаванне залежыць, перш за ўсё, ад Кіева, а не Вашынгтона», - сказаў Баравы.

11 ліпеня Трамп і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг падчас рабочага сняданку перад самітам Альянсу ў Брусэлі паспрачаліся аб расейскім газе.

«Вы проста робіце Расею багацейшай», - заявіў прэзідэнт ЗША у размове са сваім суразмоўцам. Трамп неаднаразова абвінавачваў Нямеччыну ў тым, што яна марнуе на абарону недастаткова.

У красавіку ён заявіў, што выдаткі Берліна на абарону складаюць менш за 1% ВУП і пры гэтым ён «збіраецца плаціць Расеі мільярды даляраў за энэрганосьбіты». Расею і Нямеччыну злучае газаправод «Паўночны струмень», пракладзены праз Балтыйскае мора. Яго першую нітку ўвялі ў эксплуатацыю ў лістападзе 2011 года, другую - у кастрычніку 2012 года. Магутнасць дзвюх нітак складае 55 млрд м³ газу на год.

«Газпром» мае намер пракласці праз Балтыйскае мора яшчэ адзін газаправод - «Паўночны струмень – 2». У «Газпроме» прагназавалі, што яго ўвядуць у эксплуатацыю да канца 2019 года.

Улады Украіны, Польшчы, Вугоршчыны, Малдовы, Румыніі, Чэхіі, Славаччыны, Латвіі, Літвы і Эстоніі ўважаюць «Паўночны струмень – 2» за пагрозу для энэргетычнай бяспекі Еўропы. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі называў газаправод новай гібрыднай зброяй Расеі супраць Захаду. Нямеччына, Фінляндыя і Швэцыя дазволілі ўзводзіць трубаправод на сваёй тэрыторыі. Данія - пакуль не.

Апошнія навіны