BE RU EN

Пасажыр аўтамабіля, які патрапіў у аварыю падчас «пясчанай буры», памёр у шпіталі

  • 22.04.2018, 14:22

26-гадовы пасажыр Volvo атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём.

Пасажыр легкавога аўтамабілю, які пацярпеў у выніку сутыкнення з фурай падчас «пясчанай буры» на трасе М1, памёр ва ўстанове аховы здароўя. Пра гэта паведамілі ў ДАІ Менскай вобласці.

Нагадаем, аварыя адбылася 21 красавіка, а 15.30, на 253-м кіламетры трасы М1 Берасце - Менск - мяжа Расейскай Федэрацыі ў Нясвіжскім раёне. 27-гадовы кіроўца Volvo S40 ехаў у напрамку Берасця. Паблізу вёскі Малінаўка ён не справіўся з кіраваннем і ўчыніў спадарожнае сутыкненне з фурай. «На дарозе праз моцны вецер раптам падняўся слуп пяску. Кіроўца грузавіка пачаў зніжаць хуткасць праз дрэнную бачнасць, у гэты момант у яго транспартны сродак урэзаўся аўтамабіль», - распавялі ў ДАІ.

У выніку ДТЗ 26-гадовы пасажыр Volvo атрымаў цяжкія траўмы і быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, дзе пазней памёр.

ФОто: ГАИ
ФОто: ГАИ
ФОто: ГАИ
ФОто: ГАИ
ФОто: ГАИ

Паводле факта ДТЗ распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 КК Рэспублікі Беларусь (Парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Апошнія навіны