BE RU EN

Прафзвяз РЭП: МТЗ не даплачвае работнікам за небяспечныя ўмовы працы

  • 19.04.2018, 17:27

Дагэтуль штогод на вытворчасці гінуць людзі.

Апаратчыца ачышчальных збудаванняў МТЗ Наталля Пісарава атрымала за сакавік заробак 430 рублёў. Калегі па брыгадзе атрымліваюць заробак удвая вышэйшы. «Пайсці з завода я не магу: з такім наборам хвароб мяне нікуды не возьмуць, а ў мяне на ўтрыманні знаходзіцца непаўналетняе дзіця», - кажа Наталля Пісарава ў каментары praca-by.info.

Пра ціск адміністрацыі МТЗ на апаратчыцу трэцяга разраду Пісараву СМІ ўжо пісалі. З тых часоў ціск на жанчыну толькі ўзрос.

Нераўнамернае размеркаванне абавязкаў вымусіла Наталлю Пісараву звярнуцца да кіраўніцтва з просьбай выйсці з брыгады. З новага года жанчыне прыніжаюць каэфіцыент працоўнага ўдзелу да 0,5, што аўтаматычна памяншае яе заробак на 50%.

- Мяне не задавальняе аплата працы ў брыгадзе, таму звярнулася з заявай да кіраўніцтва цэха з просьбай аб выхадзе з брыгады і налічэнні мне заробку асобна на агульных падставах. І атрымала адмову, - распавядае жанчына.

- На заяву работніцы яе абавязаныя выключыць са складу брыгады і налічваць ёй заробак на агульных падставах паводле кантракта. Брыгадны найм застаўся ад Савецкага Саюза, і ніхто не абавязаны знаходзіцца там, - каментуе сітуацыю юрыст прафзвязу РЭП Юрый Белякоў.

Для выканання працоўных абавязкаў жанчыне даводзіцца ўвесь час узбірацца па лесвіцы на вышыню 1,7 метра, рызыкуючы ўласным здароўем і жыццём; пры гэтым кіраўніцтва цэха не прызнае факту работы на вышыні.

- Паглядзіце на фатаграфію: у мяне рост 1 метр 64 сантыметры, лесвіца трохі вышэйшая за мяне, а кіраўніцтва паказвае вышыню 1,3 метра.

Наталля Пісарава - адзінокая маці, на ўтрыманні якой знаходзіцца непаўналетняе дзіця. Адміністрацыя прадпрыемства не мае права яе звольніць.

- Ведаючы, што ў мяне праблемы з нагамі, мяне прымушаюць мыць асвятляльнік, басейн, тэрыторыю, якая замацаваная за ўсёй брыгадай (5 чалавек). Толькі за травень 2017 года мне вынеслі 4 вымовы за тое, што не выканала адна аб'ём работ (хоць паводле закона мы абавязаныя працаваць удваіх). І тым не менш кожны месяц мяне ставяць перад выбарам: ці ты лезеш на вышыню, а калі звалішся, тады вінаватая будзеш сама (бо лекары забаранілі працаваць на вышыні), альбо не лезеш і атрымліваеш чарговую вымову. Начальства кажа, што ў мяне няма вызвалення; вядома няма – вышыня ж не паказаная! Але ад гэтага вышыня не становіцца меншай. На наступным тыдні зноў паставяць перад выбарам, - абураецца Наталля Пісарава.

Сама жанчына звольніцца не можа з аб'ектыўных прычын:

- Пайсці ў нікуды я не маю права. У мяне на ўтрыманні непаўналетняе дзіця 14 гадоў, а з такім букетам хваробаў мяне ніхто на працу не возьме. За апошнія два гады я стала на ўлік ў тэрапеўта, кардыёлага, а цяпер яшчэ дадаліся рэўматолаг і артапед, - ледзь стрымлівае слёзы жанчына.

Чаго дамагаецца жанчына ад кіраўніцтва МТЗ?

- Сваё здароўе я страціла на ачышчальных збудаваннях: няхай мне альбо аплацяць лячэнне, альбо знойдуць працу, якая адпавядае майму здароўю. Здароўе я страціла «дзякуючы» Бараулю (майстар Павел Барауля. - аўт.): Год таму я перанесла чатыры гіпертанічныя крызы, у мяне праблемы з нагамі і рукамі. Летась перажыла аперацыю і тры з паловай месяцы праседзела на бальнічным. А цяпер мяне проста збіраюцца выкінуць, - распавядае Наталля Пісарава.

Праблему трэба развязваць, пакуль не позна

Прафзвяз РЭП надае юрыдычную і інфармацыйную дапамогу Наталлі Пісаравай з сярэдзіны мінулага года. Юрыст Юрый Белякоў падрыхтаваў шэраг заяваў, у тым ліку на імя генеральнага дырэктара МТЗ.

- Праз высокі ўзровень вытворчага траўматызму на МТЗ, БелАЗ, «Беларуськаліі» яшчэ ў 2004 годзе Лукашэнка падпісаў дырэктыву №1 аб прадухіленні вытворчага траўматызму. На жаль, дагэтуль штогод на вытворчасці гінуць людзі, у тым ліку і на МТЗ. Адміністрацыя МТЗ не хоча даплачваць работнікам за небяспечныя ўмовы працы, якія могуць скончыцца трагедыяй, - каментуе сітуацыю Юрый Белякоў.

Юрыст кажа, што выкананне работ у адзіночку, на вышыні пры існых медыцынскіх супрацьпаказаннях з'яўляецца парушэннем бяспекі працы:

- МТЗ працуе па калектыўна-брыгаднаму найму, пры якім брыгадзір разам з майстрам размяркоўваюць заробак. Існуе так званы каэфіцыент працоўнага ўдзелу; Наталлі Пісаравай увесь час ставяць каэфіцыент 0,5, хоць яна выконвае такі ж аб'ём работ, як і ўсе астатнія - ні больш, ні менш. Такая сістэма дазваляе на законных падставах забіраць у працоўных грошы. На МТЗ заробак пачынаецца ад 600 рублёў і даходзіць да тысячы, а жанчына атрымлівае напалову менш. Таму Наталля і напісала заяву аб выхадзе з брыгады, каб абараніць свае правы. Аналагічную сітуацыю змаглі развязаць у 91-м цэху МСП на МТЗ, дзе ў транспарціроўшчыкаў (дапаможных рабочых) заробак быў вышэйшым, чым у асноўных - маляроў. А вось абараніць правы Наталлі пакуль не ўдаецца.

- Жанчыну звольніць не могуць, дык ствараюць невыносныя ўмовы працы, каб звольнілася сама, - мяркуе юрыст.

Але прафзвяз РЭП не мае намеру здавацца:

- Раз гендырэктар не рэагуе на абуральныя парушэнні тэхнікі бяспекі, будзем звяртацца ў Міністэрства прамысловасці, у савет міністраў і адміністрацыю Лукашэнкі. Праблему трэба развязваць, пакуль не адбыўся чарговы няшчасны выпадак на вытворчасці, якіх на МТЗ і так нямала, - распавёў аб стратэгіі абароны правоў работніцы Юрый Белякоў.

Апошнія навіны