102-гадовая спартоўка на мянушку «Ураган» устанавіла два сусветныя рэкорды
- 24.03.2018, 19:26
Амэрыканка вызначылася ў бегу і ў скачках у даўжыню.
У амэрыканскім штаце Мэрыленд (ЗША) прайшоў штогадовы турнір у лёгкай атлетыцы «USA Track and Field Masters Indoor Championships». У спаборніцтве бяруць удзел непрафесійныя атлеты, для якіх спорт - сэнс актыўнага ладу жыцця. Узяць удзел у спаборніцтве могуць усе, незалежна ад веку, піша сайт «Вокруг Света».
Падчас апошняга турніру былі зафіксаваныя адразу некалькі сусветных рэкордаў. Так, сусветнай рэкардсмэнкай у бегу на 60 мэтраў стала 102-гадовая Джулія Гоўкінс на мянушку Ураган.
Спартоўка пераадолела дыстанцыю за 24,79 сэкунды. На відэа яна фінішавала апошняй, але ўсе ейныя спаборніцы маладзейшыя за Джулію, а значыць рэкорд – справядліва ў яе.
Рэкардсмэнка паведаміла, што для ўстанаўлення сусветнага рэкорду ёй давялося парушыць свае прынцыпы.
«Я зазвычай сплю ў гэты час, але дзеля сусветнага рэкорду мне давялося парушыць звыклы распарадак дня», - пракаментавала сваю перамогу Джулія, якая днямі раней абнавіла і сусветны рэкорд для свайго веку ў скачках у даўжыню: цяпер ён складае 2,77 м.