BE RU EN

Больш за 90% палякаў не хочуць з'язджаць працаваць за мяжу

  • 14.11.2018, 17:12

На незацікаўленасць палякаў у эміграцыі паўплывалі нізкі ўзровень беспрацоўя і ўсё лепшыя ўмовы працаўладкавання.

Больш за 90% палякаў не зацікаўленыя ў ад'ездзе за мяжу ў пошуках працы. Такія звесткі былі пададзеныя ў выніку апытання, праведзенага польскай фірмай Work Service, паведамляе «Радыё Польшча».

Прыхільнасць да сям'і ды сяброў, добрыя ўмовы на працы па месцы жыхарства - такія асноўныя прычыны адмовы ад працоўнай эміграцыі вызначылі палякі.

У даследаванні адзначаецца, што рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя і ўсё лепшыя ўмовы працаўладкавання ў краіне значна паўплывалі на зніжэнне зацікаўленасці палякаў у эміграцыі.

Як вынікае з дакладу, толькі 8,6% актыўных або патэнцыйных удзельнікаў рынку працы разглядаюць магчымасць выезду на працу за мяжу. Адначасова з гэтым 37,1% з іх хацелі б з'ехаць на 3 месяцы, а 19,2% назаўжды.

«Упершыню ў гісторыі даследаванняў адсотак палякаў, якія разглядаюць працоўную эміграцыю, дасягнуў адназначнай лічбы. У сваю чаргу, толькі пятая частка патэнцыйных эмігрантаў хацела б з'ехаць назаўжды. Гэты вынік на 4,5% ніжэйшы, чым звесткі, атрыманыя падчас папярэдняга апытання. Гэта азначае, што ў дадатак да таго, што памяншаецца група людзей, якія разглядаюць працоўную эміграцыю, сярод іх расце колькасць тых, хто плануе з'ехаць толькі на кароткі тэрмін», - падкрэсліў старшыня праўлення Work Service Мацей Вітуцкі.

Ён дадаў, што гэтыя вынікі таксама сведчаць аб паляпшэнні сітуацыі на рынку працы. «Усё лепшыя ўмовы працаўладкавання не толькі ўплываюць на зніжэнне зацікаўленасці ў працоўнай эміграцыі, але і ўплываюць на павелічэнне адсотка палякаў, якія агулам не зацікаўленыя ў міграцыі. Цяпер гэта крыху больш за 90% апытаных», - адзначыў Мацей Вітуцкі.

Апошнія навіны