Матэвуш Маравецкі: Польшча - гэта адвакат рэалістычнай палітыкі ў дачыненні да Расеі
- 17.10.2018, 19:39
Паводле слоў прэм'ер-міністра Польшчы, Расея - гэта дзяржава, якая развязвае ў Еўропе войны.
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Расея з'яўляецца дзяржавай, якая развязвае ў Еўропе войны.
Пра гэта кіраўнік польскага ўрада сказаў у гутарцы з выданнем Polski Przegląd Dyplomatyczny.
«Расея - гэта дзяржава, якая развязвае ў Еўропе войны і ў сваёй замежнай палітыцы звяртаецца да ўзброенай агрэсіі. Гэта дзяржава, якая пагражае свету і падрывае пошукі дыялогу і разумення нават на самым маленькім, пазапалітычным, міжасобасным узроўні. У такой сітуацыі напраўду цяжка сабе ўявіць усякую «перазагрузку», - цытуе Маравецкага «Польське радіо».
Са слоў Маравецкага, умовай вяртання Расеі ў шэрагі цывілізаваных дзяржаў з'яўляецца спыненне агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да суседзяў, захаванне міжнароднага права і прыняцця правілаў дэмакратычных краін у сферы міжнароднай палітыкі.
«Мы гатовыя спрыяць такой змене расейскай палітыкі, але мы не дасягнем гэтай мэты, забываючы аб тым, з кім цяпер маем справу», - адзначыў польскі прэм'ер.
Маравецкі дадаў, што Польшча - гэта адвакат рэалістычнай палітыкі ў дачыненні да Расеі, мэтай якой з'яўляецца абарона міру і бяспекі ў Еўропе.
Раней Маравецкі заяўляў, што дзеянні Расеі не з'яўляюцца выпадковасцю, гэта загадзя спланаваная стратэгія, якая пахіснула архітэктуру бяспекі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.