Джон Макейн заклікаў Трампа выдаць Украіне лятальную зброю
- 24.08.2017, 10:59
Зброя абароніць Украіну ад далейшай расейскай агрэсіі.
На гэтым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп змяніў «няўдалую палітыку» свайго папярэдніка ў дачыненні да Афганістана, візіт міністра абароны ЗША Джэймса Мэціса ў Кіеў дае Злучаным Штатам яшчэ адну магчымасць зрабіць гэта ў дачыненні да Украіны, заявіў амерыканскі сенатар Джон Макейн, піша «Гордан».
ЗША трэба змяніць палітыку ў дачыненні да Украіны і даць краіне смяротную зброю, гаворыцца ў заяве амерыканскага сенатара Джона Макейна з нагоды візіту міністра абароны ЗША Джэймса Мэціса ў Кіеў.
«Візіт міністра Мэціса ў Кіеў падае яшчэ адну магчымасць для Злучаных Штатаў выправіць сваю палітыку ў дачыненні да Украіны і забяспечыць яе смяротнай абарончай дапамогай, неабходнай краіне для абароны свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Раней на гэтым тыдні прэзідэнт Трамп зрабіў крок наперад, калі змяніў курс і адышоў ад няўдалай палітыкі свайго папярэдніка ў Афганістане. У прэзідэнта цяпер ёсць такая ж магчымасць у дачыненні да Украіны», - адзначыў ён.
Макейн падкрэсліў, што ЗША «даўно пара было забяспечыць Украіну абарончай смяротнай зброяй для стрымлівання і абароны ад далейшай расейскай агрэсіі».
«Павышэнне кошту агрэсіі можа дапамагчы змяніць разлік Уладзіміра Пуціна (прэзідэнт РФ. - заўв.), прымусіць Расею цалкам выконваць Менскія пагадненні і, у канчатковым выніку, стварыць больш стабільныя ўмовы бяспекі, якія неабходныя для свету», - заявіў сенатар.
Ён дадаў, што выдаванне абарончай смяротнай зброі Украіне не супярэчыць мірнаму развязанню канфлікту, а з'яўляецца важным для яго дасягнення.
Мэціс прыляцеў ва Украіну ўчора ўвечары. Ён возьме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Украіны.
Украіна з пачатку вайсковай агрэсіі Расеі вясной 2014 году вядзе перамовы з заходнімі краінамі пра пастаўкі смяротнай зброі, але пакуль беспаспяхова. На гэты момант ЗША забяспечваюць Кіеў толькі несмяротнай дапамогай (у тым ліку браніраванымі аўтамабілямі Humvee, беспілотнікамі RQ-11B Raven і контрбатарэйнымі радарамі) і дапамагаюць у падрыхтоўцы ўкраінскіх вайскоўцаў.
31 ліпеня выданне The Wall Street Journal напісала, што ў ЗША распрацавалі план пастаўкі абарончага ўзбраення Украіне. Гаворка ідзе пра перадачу супрацьтанкавых ракетных комплексаў Javelin і сродкаў супрацьпаветранай абароны.