BE RU EN

На час вучэнняў «Захад – 2017» у Эстонію перакінуць дадатковы кантынгент NATO

  • 25.07.2017, 10:53

Цяпер у краіне знаходзіцца адзін шматнацыянальны батальён NATO.

Дадатковыя вайсковыя падраздзяленні NATO могуць быць размешчаныя ў Эстоніі на час правядзення восенню сёлета расейска-беларускіх вучэнняў "Захад – 2017", паведаміў interfax.by амбасадар Эстоніі ў РФ Арты Хілпус.

"На такім фоне (на фоне правядзення вучэнняў – заўв.) можа быць патрэбным і размяшчэнне некаторых дадатковых падраздзяленняў нашых хаўруснікаў, але гэта, у сутнасці, не змяняе маштаб і ўзровень іх прысутнасці на эстонскай тэрыторыі", – сказаў Хілпус.

Ён падкрэсліў, што "пастанова пра размяшчэнне кантынгенту на ўзроўні адной баявой групы ў кожнай краіне Балтыі, прынятая на Варшаўскім саміце NATO, застаецца ў сіле".

Хілпус нагадаў, што цяпер у Эстоніі размешчаны адзін шматнацыянальны батальён NATO колькасцю блізу 1200 вайскоўцаў.

"Дадатковыя вайсковыя сілы, якія сёлета могуць быць накіраваныя ў Эстонію, у параўнанні з гэтым існым кантынгентам невялікія. Гаворка ідзе не пра іншы батальён, а пра прыкметна меншыя падраздзяленні", – растлумачыў дыпламат.

Апошнія навіны