BE RU EN

18-гадовы беларус быў выбраны на драфце НХЛ

  • 24.06.2017, 21:44

Максіма Сушко задрафтавалі «лётчыкі» з Філадэльфіі.

18-гадовы беларускі хакеіст Максім Сушко быў выбраны ў чацвёртым раундзе драфта НХЛ, піша tut.by.

Правы на беларуса замацаваў за сабой клуб «Філадэльфія Флаерс», які задрафтаваў Сушко ў чацвёртым раундзе пад агульным 107-м нумарам.

Цяпер выхаванец берасцейскага хакея выступае за клуб «Оўэн Саўнд Атак» у OHL (Хакейная ліга Антарыё). У 71 гульні цяперашняга сезону правы форвард набраў 43 (20+23).

Характэрна, што Сушко выступаў за моладзевую і юнацкую нацыянальныя каманды Беларусі, калі тыя прабіваліся ў топ-дывізіён.

Пад 80-м нумарам таксама «Філадэльфіяй» быў абраны брамнік Кірыл Усціменка. Таленавіты галкіпер з'яўляецца выхаванцам гомельскага хакея, але некалькі гадоў таму ён перабраўся ў Санкт-Пецярбург і прыняў расейскае грамадзянства.

Першы ж нумар драфта атрымаў швэйцарскі форвард Ніка Хішыр.

Усяго на драфце было абрана 217 хакеістаў: 81 канадзец, 47 амерыканцаў, 27 швэдаў, 23 фіны, 18 расейцаў, 9 чэхаў, 3 швэйцарцы, 2 датчаніны і 2 славакі, а таксама беларус, славенец, немец, нарвежац і француз.

Апошнія навіны