BE RU EN

Мінфінансаў Беларусі занепакоенае ростам выдаткаў для абслугоўвання дзяржаўнай пазыкі

  • 22.03.2017, 14:31

Выдаткі бюджэту для абслугоўвання дзяржаўнай пазыкі павялічыліся ў пяць разоў.

Міністэрства фінансаў Беларусі занепакоенае ростам выдаткаў для абслугоўвання дзяржаўнай пазыкі. Паводле звестак Мінфінансаў, за 2010-2016 гады выдаткі бюджэту (у адсотках да ВУП) для абслугоўвання дзяржаўнай пазыкі павялічыліся ў пяць разоў.

«Нарошчванне аб'ёму пазыкі непазбежна вядзе да росту выдаткаў для яе абслугоўвання, павялічваючы нагрузку на бюджэт. Доля гэтых аплатаў у аб'ёме расходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе склала больш за 10%, у той час як у 2010 годзе - блізу 2%», - гаворыцца ў матэрыялах пашыранай калегіі Мінфінансаў, апублікаваных у сакавіцкім нумары ведамаснага часопіса «Фінансы, улік, аўдыт».

Спецыялісты галоўнай управы бюджэтнай палітыкі Мінфінансаў канстатуюць, што дзяржаўная пазыка апошнімі гадамі нарошчваюцца для развязання праблем, якія ўзнікаюць у карпаратыўным сектары. «Развязанне фінансавых праблем рэальнага сектара эканомікі за кошт пазыковых крыніц досыць шырока ўжывалася ў 2015-2016 гадах», - паведамляе Мінфінансаў.

Аднак, на думку спецыялістаў, «такі механізм варта разглядаць як часовы і выключны захад». Практыка паказвае, што такія захады «ў большасці выпадкаў не развязвалі праблем дзяржаўных прадпрыемстваў, а толькі адкладалі іх».

Напрыклад, у 2016 годзе з кансалідаванага бюджэту было выдзелена больш за 2 млрд рублёў на стабілізацыю дзейнасці сельгасарганізацый. «Важна, каб бюджэтныя ўкладанні прыводзілі да стабілізацыі і ліквідацыі сістэмных праблем, якія ёсць у сельскагаспадарчай галіне. Аднак сума назапашанай запазычанасці арганізацый АПК у льготных крэдытах апошнія тры гады застаецца нязменнай (3,7 млрд рублёў), а пазыкі перад бюджэтам растуць», - падкрэсліваюць у Мінфінансаў.

Акрамя таго, пагаршаецца тэндэнцыя росту запазычанасці прадпрыемстваў перад бюджэтам у крэдытах, прыцягнутых для рэалізацыі інвестпраектаў ад банкаў Кітая. За 2016 год запазычанасць павялічылася ўдвая і склала больш за 318 млн даляраў, з іх пратэрмінаваная запазычанасць - 36 млн.

Апошнія навіны