BE RU EN

Бацька загінулай пад коламі аўтамабіля ДАІ: «Гэта бязмежжа ўлады на дарозе»

  • 1.03.2017, 14:26

Пракурор папрасіў 5 гадоў калоніі-пасялення для супрацоўніка ДАІ, які сеў п'яным за стырно і на смерць збіў жанчыну.

У Ляхавічах прадаўжаецца суд над былым в.а. начальніка Баранавіцкай ДАІ Андрэем Ваўкавыцкім, паведамляе intex-press.by.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, аднак ягоны адвакат не пагадзіўся з некаторымі пунктамі абвінавачвання.

- Я мяркую, што ДТЗ адбылося праз тое, што ён адцягнуўся на аўтамабіль. Набліжаючыся да пешаходнага пераходу, ён узяў бліжэй да сярэдзіны праезнай часткі. Нават хуткасць 60 км/г не выратавала б ад сутыкнення, - сказаў абаронца падсуднага.

У сваім апошнім слове Ваўкавыцкі папрасіў прабачэнне ў сваякоў загінулай.

- Майму ўчынку няма прабачэння і апраўдання. Хачу папрасіць прабачэння ў дзетак, якіх я пакінуў без мамы, - сказаў ён.

Разам з тым, падсудны папрасіў строга яго не караць, каб ён мог хутчэй выйсці на свабоду і пачаць выплачваць кампенсацыю сваёй шкоды сям'і загінулай.

Таксама падчас суду выступіў бацька загінулай Вольгі Стралкоўскай. Мужчына папрасіў звярнуць увагу на тое, што Ваўкавыцкі толькі праз два месяцы прызнаў сваю віну.

- Гэта бязмежжа ўлады на дарозе, - сказаў ён. - Усёдазволенасць узяла верх! Ён быў без пяці хвілін начальнік ДАІ. Калі б не гэты выпадак, ён цяпер ужо быў бы начальнікам...Я дачку калісьці сам на руках забіраў з радзільні, няньчыў. А тут зачытваю столькі пераломаў...Мы больш не ўбачым нашу дачку. А вы кажаце - не дапушчана іншых.

Журналісты, прысутныя на судзе, паведамляюць, што Андрэй Ваўкавыцкі заплакаў падчас выступу бацькі загінулай.

Абвяшчэнне прысуду адбудзецца 3 сакавіка.

Нагадаем, што трагедыя адбылася ўвечары 26 лістапада, калі супрацоўнікі Ляхавіцкай ДАІ спынілі аўтамабіль за парушэнне правілаў дарожнага руху. У той час, калі на кіроўцу сталі складаць пратакол, 36-гадовая жанчына-пасажырка, выйшла з аўтамабіля, каб даведацца, у чым справа. Калі яна пераходзіла дарогу, яе на смерць збіў аўтамабіль, за стырном якога быў часова выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэй Ваўкавыцкі.

Апошнія навіны