BE RU EN

Ірландскія дудары зайгралі з беларускім вайсковым аркестрам

  • 9.02.2017, 9:15

На думку знаўцаў, ірландскія дуды вельмі падобныя да беларускай дуды.

У Менску выступаюць дудары 2-га Каралеўскага ірландскага палка брытанскага войска разам з Узорна-паказальным аркестрам Узброеных сіл Беларусі, паведамляе «Белсат».

Пасля доўгага перапынку гэта першы сумесны канцэрт брытанскіх і беларускіх вайскоўцаў. Урачыстасці праходзяць у Музеі Вялікай Айчыннай вайны, бо нас аб'ядноўвае не толькі агульны нацыянальны інструмент – тлумачыць арганізатарка мерапрыемства, амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб:

«Абодва нашыя народы пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны. І я думаю, Беларусь асабліва пацярпела падчас вайны. І гэта як сімвал нашай сумеснай барацьбы, агульнай ахвяры».

Амбасадарка падкрэсліла, што брытанцы памятаюць пра беларусаў, якія ў складзе войска Андэрса змагаліся з нацыстамі пад Монтэ-Касіна, вызваляючы Італію. Даніна памяці – сумная і адначасова ўрачыстая – гучыць архаічная ірландская дуда. Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, з ліку запрошаных гасцей, падзяліўся ўражаннямі ад выступу: «Ірландскія дуды вельмі падобныя да беларускай дуды. І вось для людзей, якія тут сядзелі, – для іх гэта не была нейкая чужая музыка. Гэта быў такі гарманічны склад: беларускі аркестр і брытанскія вайскоўцы былі адным цэлым».

Завяршыўся канцэрт сумесным выкананнем «Le Temps des Cathédrale» з «Notre-Dame de Paris». Гэтая кампазіцыя традыцыйна закрывае міжнародныя музычныя фестывалі сярод вайскова-духавых аркестраў.

Апошнія навіны