BE RU EN

Супрацоўнікі «Новой газеты» выбралі галоўнага рэдактара

  • 17.11.2017, 17:33

Новы галоўны рэдактар раней займаў пасаду генеральнага дырэктара газеты.

Новым галоўным рэдактарам «Новой газеты» стаў Сяргей Кажаураў, які да гэтага займаў пасаду генеральнага дырэктара выдання. На галасаванні, якое прайшло ў пятніцу, 17 лістапада, Кажаурава выбралі супрацоўнікі рэдакцыі большасцю галасоў. Дзмітрый Муратаў, які прапрацаваў галоўным рэдактарам «Новай» 22 гады, удзельнічаць у выбарах адмовіўся, паведамляе «Нямецкая хваля».

Сяргей Кажаураў з'яўляецца адным з заснавальнікаў «Новай газеты», таксама ён быў першым галоўным рэдактарам выдання, прапрацаваўшы на гэтай пасадзе да 1995 года.

«Я быў першым галоўным рэдактарам «Новой газеты». І мая задача ў тым, каб не стаць апошнім», - сказаў Кажаураў пасля абвяшчэння вынікаў.

Былы галоўны рэдактар Дзмітрый Муратаў падкрэсліў, што на яго ніхто не ціснуў і пастанову аб сыходзе са сваёй пасады ён прымаў самастойна. Муратаў застанецца працаваць у газеце старшынём рады дырэктараў і рэдакцыйнай рады.

«Новая газета» пачала выходзіць у 1993 годзе - яе заснавалі журналісты, што пакінулі «Комсомольскую правду», у тым ліку, Кажаураў і Муратаў. Выбары галоўнага рэдактара прапісаныя ў статуце і праводзяцца ў рэдакцыі кожныя два гады.

Апошнія навіны