Абама пабіў рэкорд у лайках апошнім прэзідэнцкім запісам у Twitter
- 12.01.2017, 9:06
Прэзідэнт ЗША папрасіў амерыканцаў верыць у свае здольнасці рабіць перамены.
Развітальны запіс дзейнага прэзідэнта ЗША Барака Абамы ў Twitter стаў самым папулярным за ўсю гісторыю існавання ягонай старонкі ў гэтай сетцы мікраблогаў. Пра гэта сведчаць звесткі амерыканскага інтэрнэт-партала CNET, паведамляе ТАСС.
«Дзякуй вам за ўсё. Мая апошняя просьба будзе той жа, што і першая. Я прашу вас верыць не толькі ў мае здольнасці рабіць перамены, але і ў вашыя ўласныя», - гэты апублікаваны ў сераду запіс адыходзячага кіраўніка дзяржавы працытавалі больш за 650 тысяч карыстальнікаў Twitter, а больш за 1,4 млн паставілі пад запісам свой «лайк».
Да гэтага найбольш папулярнымі былі паведамленні Абамы аб стварэнні старонкі ў Twitter у чэрвені 2013 года, а таксама аб легалізацыі аднаполых шлюбаў у чэрвені 2015 г. і аб планах зніжэння кошту вышэйшай адукацыі ў ЗША ў ліпені таго ж года.
20 студзеня адбудзецца інаўгурацыя абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа - дзейная старонка Абамы ў Twitter таксама пяройдзе новаму кіраўніку дзяржавы.