BE RU EN

У Таджыкістане арыштавалі сваякоў апазіцыянераў, якія выступілі на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве

  • 25.09.2016, 15:27

Сваякі праваабаронцаў былі дапытаныя супрацоўнікамі дзяржбяспекі Таджыкістана.

У Варшаве падчас сустрэчы Бюро дэмакратыі і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ з таджыкскімі чыноўнікамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці таджыкскія апазіцыянеры апавялі пра маштабныя парушэнні правоў чалавека ў Таджыкістане. Яны былі апранутыя ў футболкі з выявамі асуджаных чальцоў кіраўніцтва забароненай партыі ісламскага адраджэння (ПІАТ), паведамляе ВВС.

На наступны дзень у Таджыкістане пачаліся масавыя арышты таджыкскіх апазіцыянераў. Яны былі дапытаныя супрацоўнікамі дзяржбяспекі, – гаворыцца ў паведамленні. У Худжанд і Куляб, побач з дамамі апазіцыйных дзеячаў Млхамджона Якубава і Шабнам Худойдавай, сабраліся мясцовыя жыхары, якія выкрыквалі: «Ворагі народа, тэрарысты, здраднікі!»

Некалькі дэманстрантаў паспрабавалі прарвацца ў дом Якубава і збілі ягоную маці.

У горадзе Куляб больш за сто мясцовых жыхароў сабраліся каля дома Шабнам Худойдавай. Школьныя настаўнікі, студэнты і мясцовыя рэлігійныя дзеячы крычалі, што жанчына з'яўляецца ворагам народа, і патрабавалі, каб яна спыніла крытыкаваць прэзідэнта Рахмона. Ейную дзевяцігадовую дачку выгналі са школы.

У пятніцу ў Душанбэ прайшлі праўрадавыя акцыі, на якіх патрабавалі ад АБСЕ спыніць падтрымку таджыкскай апазіцыі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch ужо выступіла з заявай, дзе рэзка раскрытыкавала таджыкскія ўлады, якія арыштавалі некалькі дзясяткаў сваякоў таджыкскіх апазіцыянераў, што раней выступілі ў Варшаве.

Нагадаем, што афіцыйная дэлегацыя Таджыкістана пакінула нараду АБСЕ ў Варшаве праз прысутнасць на ёй апазіцыі.

Апошнія навіны